Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы — у лідэрах па іпатэчных крэдытах у Польшчы


Варшава
Варшава

Беларусы сталі адной з найбольш актыўных груп іншаземцаў, якія бяруць іпатэку ў польскіх банках. Паводле Puls Biznesu, сярэдні іпатэчны крэдыт беларусаў у Польшчы цяпер дасягае каля 600 тысяч злотых ($165 тысяч)— гэта адзін з найвышэйшых паказьнікаў сярод усіх іншаземцаў.

За студзень—кастрычнік замежныя грамадзяне атрымалі ў Польшчы іпатэчных пазык на 7,65 млрд злотых, і беларусы ўваходзяць у групу найбольш актыўных пазычальнікаў. Усяго банкі выдалі іншаземцам крэдытаў ужо на каля 29 млрд злотых, і аб’ём працягвае расьці, піша Польскае радыё.

Паводле Бюро крэдытнай інфармацыі, у ягоных базах цяпер 31 тысяча беларускіх пазычальнікаў — гэта другая па велічыні група пасьля ўкраінцаў (227 тысяч). У сярэднім замежнікі бяруць большыя крэдыты, чым палякі: 513 тысяч злотых супраць 449 тысяч. Аднак беларусы апярэджваюць і гэты паказчык — каля 600 тысяч.

Аналітыкі адзначаюць, што высокія сумы крэдытаў могуць сьведчыць пра тое, што частка беларусаў, якія пераехалі ў Польшчу, намагаюцца хутка замацавацца і купіць уласнае жытло. Гэтая тэндэнцыя асабліва заўважная на фоне таго, што многія беларусы пакідаюць краіну з палітычных і эканамічных прычынаў.

У Польшчы цяпер працуе каля 1,1 млн іншаземцаў, і іх доля на рынку крэдытаваньня працягвае расьці. Доля замежнікаў у сегмэнце іпатэкі ўжо складае амаль 10%, у спажывецкіх пазыках — каля 2,5%.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG