Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэтэазонды з цыгарэтамі зноў знайшлі ў Латвіі і Польшчы, але найболей іх у Літве


Балёны з цыгарэтамі ў Польшчы. Архіўнае фота
Балёны з цыгарэтамі ў Польшчы. Архіўнае фота

У Латвіі нядаўна знайшлі два балёны зь беларускімі цыгарэтамі, у Польшчы — адзін.

Як піша Позірк, супрацоўнікі памежнай аховы і паліцыі Латвіі 3 сьнежня знайшлі мэтэазонды з кантрабанднымі беларускімі цыгарэтамі ў Аўгшдаўгаўскім і Ліванскім краях.

Як паведаміла Дзяржаўная памежная ахова Латвіі, да першага мэтэазонда была прымацавана ўпакоўка з 31.800 цыгарэт маркі «NZ», да другога — з 31.200. Па абодвух фактах завялі крымінальную справу за незаконны абарот тытунёвых вырабаў у буйным памеры, — зазначае памежная служба краіны. Аб затрыманьні датычных да кантрабанды не паведамляецца.

Аб выяўленьні балёнаў з цыгарэтамі ў Латвіі апошні раз паведамлялі 24 лістапада. Было перахоплена сем балёнаў, кожны з якіх транспартаваў каля 60 тысяч кантрабандных цыгарэт, па 3 тысячы пачкаў.

Тым часам у Польшчы, на ўсходзе Мазавецкага ваяводзтва ўпаў паветраны балён з цыгарэтамі. У пакунку, прымацаваным да паветранага балёну, знаходзілася 30 тысяч штук цыгарэт — 1500 пачкаў — без польскіх акцызных знакаў. Гэта здарылася ў Ласіцкім павеце на ўсходзе Мазавецкага ваяводзтва, паветраны балён з прымацаваным да яго пакункам упаў на полі, паведамляе Польскае радыё. Інцыдэнт адбыўся ўвечары 2 сьнежня. Паводле папярэдніх зьвестак, кантрабандны груз быў запушчаны з тэрыторыі Беларусі. Праваахоўнікі падазраюць, што балён мог пераляцець мяжу зь Беларусі.

Апрача таго 38-гадовы грамадзянін Польшчы і 32-гадовы грамадзянін Беларусі былі затрыманыя за кантрабанду цыгарэт з дапамогай паветраных балёнаў, паведаміла польская памежная служба.

Супрацоўнікі ведамства знайшлі партыю цыгарэт з беларускімі акцызнымі маркамі ў багажніку аўтамабіля, спыненага паблізу Бяла-Падляскі.

У Польшчы і Латвіі ўжо фіксавалі такія інцыдэнты, але найболей балёнаў з цыгарэтамі зьяўляюцца ў Літве, дзе яны часта паралізуюць працу Віленскага аэрапорту.

Паводле Міністэрства ўнутраных справаў Літвы, сёлета ў паветраную прастору Літвы трапілі 599 паветраных балёнаў і 197 бесьпілётнікаў. Гэтыя атакі парушылі 320 авіярэйсаў, закранулі 47 тысяч пасажыраў і прывялі да амаль 60-гадзіннага закрыцьця аэрапортаў.

Трэцяга сьнежня ў МЗС Літвы выклікалі часовага паверанага ў справах Беларусі і ўручылі яму ноту пратэсту.

Прычынай сталі няспынныя гібрыдныя атакі з тэрыторыі Беларусі кантрабандысцкімі балёнамі, якія парушаюць працу Віленскага аэрапорту і пагражаюць бясьпецы цывільнай авіяцыі, а таксама блякаваньне літоўскіх грузавікоў з прычэпамі, якім улады Беларусі не дазваляюць вярнуцца назад у Літву, вынікае з паведамленьня МЗС Літвы.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG