Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Infotrans: Літоўскія грузавікі пайшлі зь Беларусі ў Літву


Стаянка фураў у Беларусі, архіўнае фота
Стаянка фураў у Беларусі, архіўнае фота

Тэлеграм-канал беларускай Асацыяцыі інтэрмадальных перавозак і лягістыкі паведаміў, што літоўскія фуры выправіліся зь месцаў стаянак у Беларусі ў Літву.

Перашкод з боку Беларусі на перамяшчэньне літоўскіх грузавікоў няма. Яны могуць рухацца ў бок Літвы праз 2 КПП:

• Каменны Лог — Меднікі (Medininkai);

• Беняконі — Салечнікі (Šalčininkai).

Каменны Лог — Меднікі «забіты пад завязку літоўскімі грузавікамі». Усе грузавікі зь Беларусі накіроўваюць на рэнтген, — гаворыцца ў паведамленьні Асацыяцыі інтэрмадальных перавозак і лягістыкі.

Інтэнсіўны паток грузавікоў ідзе і ў зваротным кірунку — зь Літвы ў Беларусь.

У іншых СМІ — літоўскіх і беларскіх — на момант публікацыі пацьверджаньняў гэтай інфармацыі не было.

Закрыцьцё пераходаў на мяжы Літвы і Беларусі

  • 8 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (з боку Беларусі Лоша) і Цьверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягвалі працаваць два памежныя пераходы — Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі).
  • Урад Літвы 27 кастрычніка 2025 году зусім закрыў мяжу зь Беларусьсю на месяц пасьля таго, як некалькі разоў вымушана прыпынялася праца аэрапортаў у Вільні і Коўне з прычыны зьяўленьня паблізу іх аэрастатаў, якія ляцелі зь Беларусі, несучы цыгарэты.
  • Улады Беларусі ў адказ 31 кастрычніка забаранілі літоўскім грузавікам выяжджаць цераз польскую і латвійскую мяжу.
  • 10 лістапада на загад Аляксандра Лукашэнкі ўсе літоўскія фуры, якія знаходзяцца ў Беларусі, сабралі на адмысловых пляцоўках і ўзялі пад ахову з выстаўленьнем рахункаў — 120 эўра на содні. Паводле Лукашэнкі, фураў было больш за 1100.
  • 10 лістапада Вільня зьвярнулася да Менску з просьбай дазволіць выезд грузавікоў сваіх кампаніяў у Літву. Менск адмовіў.
  • Вільня марна спрабавала вярнуць транспарт шляхам кантактаў на ведамасным узроўні. Беларусь прапанавала Літве або скасаваць рашэньне аб закрыцьці мяжы, або выйсьці на палітычна-дыпляматычнае разьвязаньне праблемы.
  • 19 лістапада ўрад Літвы вырашыў, што закрытыя ў кастрычніку два пункты пропуску на мяжы Літвы і Беларусі Меднікі і Салечнікі адкрыюцца з 20 лістапада. Перад гэтым прэмʼер-міністарка Інга Ругінене заявіла, што апошнім часам паветраных балёнаў з кантрабандавымі цыгарэтамі стала меней.
  • Аднак пасьля таго як урад Літвы зноў адкрыў мяжу, Віленскі аэрапорт зноў некалькі разоў закрывалі з прычыны аэрастатаў зь Беларусі, а літоўскім фурам па-ранейшаму не даюць выехаць у Літву. Беларускі бок патрабуе ад Вільні пачатку палітычных перамоваў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG