Як паведамляе літоўскае выданьне Delfi, урад Літвы пастанавіў, што страты грузавых перавозьнікаў — гэта іхная рызыка, а не адказнасьць дзяржавы. У прыватнасьці, міністар камунікацыяў і транспарту Літвы Юрас Тамінскас заявіў, што заблякаваныя ў Беларусі фуры перавозьнікаў — гэта адказнасьць не літоўскага ўраду, а Аляксандра Лукашэнкі.
З словаў міністра, перавозьнікі, якія едуць у Беларусь, павінны ацэньваць усе магчымыя рызыкі.
Таму, паводле міністра, яны не павінны патрабаваць кампэнсацыі стратаў ад дзяржавы, — паведамляе Delfi.
«Што да кампэнсацыі стратаў, то гэта не ацэньваецца і не разглядаецца. Гэта ня мы іх не ўпускаем, гэта беларускі рэжым іх не выпускаў. Калі вы робіце бізнэс на ўсходзе — у рэшце рэшт, вайна пачалася ня ўчора, і Беларусь не з учорашняга дня ўдзельнічае ў вайне супраць Украіны, падтрымліваючы Расею. Калі вы адпраўляецеся ў дзяржаву-агрэсар, вы павінны ўлічваць усе рызыкі»,— заявіў Тамінскас.
«Відавочна, што яны ўсё роўна езьдзілі, езьдзяць і будуць езьдзіць. Гэта ня зьменіць іхных думак і іхных паводзінаў. Калі яны публічна заяўляюць, што будуць ажыцьцяўляць дзейнасьць на ўсходнім кірунку, то навошта патрабаваць ад дзяржавы пакрыцьця панесеных стратаў», — падкрэсьліў ён.
Перавозьнікі сьцьвярджаюць, што не гандлююць з Расеяй і Беларусьсю, а езьдзяць у Цэнтральную Азію, але міністру «падобныя апраўданьні здаюцца несур’ёзнымі».
Як паведамляе Delfi, пасьля таго як апоўначы Літва адкрыла пункты пропуску на мяжы з Беларусьсю, «значных транспартных плыняў пакуль не зафіксавана».
«У параўнаньні з пэрыядамі, калі пункты працавалі на поўную магутнасьць, патокі невялікія, але гэта зразумела, бо гэта толькі пачатак. Да таго ж была ноч, руху няма. Патокі мінімальныя, але павінны павялічыцца ў сьветлы час содняў і ў іншыя дні», – сказаў прадстаўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Гедрус Мішуціс.
Вядома, што ноччу 20 лістапада ніводная літоўская фура не праехала праз пункты пропуску, паведамляе выданьне.
- Урад Літвы прыняў рашэньне закрыць мяжу зь Беларусьсю на месяц, да 30 лістапада, зь некаторымі выняткамі.
- Улады Беларусі ў адказ 31 кастрычніка забаранілі літоўскім грузавікам выяжджаць цераз польскую і латвійскую мяжу.
- Ад 3 лістапада ўвогуле забаранілі рух па тэрыторыі Беларусі грузавікам, зарэгістраваным ува ўсіх краінах Эўразьвязу.
- 10 лістапада на загад Лукашэнкі ўсе літоўскія фуры, якія знаходзяцца ў Беларусі, сабралі на адмысловых пляцоўках і ўзялі пад ахову з выстаўленьнем рахункаў — 120 эўра ў содні. Паводле Лукашэнкі, фураў больш за 1100.
- 17 лістапада два памежныя пераходы на мяжы зь Беларусьсю адкрыла Польшча.
- Тэхнічныя перамовы аб вяртаньні літоўскіх грузавікоў зь Беларусі прайшлі 18 лістапада.
- 20 лістапада Літва адкрыла два раней закрытыя пераходы на мяжы зь Беларуссьсю.
Закрыцьцё пераходаў на мяжы Літвы і Беларусі
- 8 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (з боку Беларусі Лоша) і Цьверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягвалі працаваць два памежныя пераходы — Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі).
- Урад Літвы 27 кастрычніка 2025 году зусім закрыў мяжу зь Беларусьсю на месяц пасьля таго, як некалькі разоў вымушана прыпынялася праца аэрапортаў у Вільні і Коўне з прычыны зьяўленьня паблізу іх аэрастатаў, якія ляцелі зь Беларусі, несучы цыгарэты.
- Улады Беларусі ў адказ 31 кастрычніка забаранілі літоўскім грузавікам выяжджаць цераз польскую і латвійскую мяжу.
- 10 лістапада на загад Аляксандра Лукашэнкі ўсе літоўскія фуры, якія знаходзяцца ў Беларусі, сабралі на адмысловых пляцоўках і ўзялі пад ахову з выстаўленьнем рахункаў — 120 эўра на содні. Паводле Лукашэнкі, фураў было больш за 1100.
- 10 лістапада Вільня зьвярнулася да Менску з просьбай дазволіць выезд грузавікоў сваіх кампаніяў у Літву. Менск адмовіў.
- Вільня марна спрабавала вярнуць транспарт шляхам кантактаў на ведамасным узроўні. Беларусь прапанавала Літве або скасаваць рашэньне аб закрыцьці мяжы, або выйсьці на палітычна-дыпляматычнае разьвязаньне праблемы.
- 19 лістапада ўрад Літвы вырашыў, што закрытыя ў кастрычніку два пункты пропуску на мяжы Літвы і Беларусі Меднікі і Салечнікі адкрыюцца з 20 лістапада. Перад гэтым прэмʼер-міністарка Інга Ругінене заявіла, што апошнім часам паветраных балёнаў з кантрабандавымі цыгарэтамі стала меней.
- Аднак пасьля таго як урад Літвы зноў адкрыў мяжу, Віленскі аэрапорт зноў некалькі разоў закрывалі з прычыны аэрастатаў зь Беларусі, а літоўскім фурам па-ранейшаму не даюць выехаць у Літву. Беларускі бок патрабуе ад Вільні пачатку палітычных перамоваў.
Форум