19 лістапада ўрад Літвы вырашыць, ці адкрываць два закрытыя памежныя пераходы на мяжы зь Беларусьсю, перадае LRT.
Прычым прэмʼер-міністарка Інга Ругінене заявіла, што падтрымала б такое рашэньне.
«Насамрэч сёньня, калі сытуацыя ня зьменіцца і мы будзем мець такія ж вынікі, якія мы бачым і сёньня, то я сама асабіста падтрымліваю [такое рашэньне]. Але дачакаемся рашэньня ўраду, бо ўсё ж такі гэта калегіяльны орган», — сказала Ругінене ў аўторак пасьля пасяджэньня Камісіі па нацыянальнай бясьпецы.
Калі будзе вырашана адкрыць памежныя пункты, гэта можна зрабіць цягам содняў
Ругінене таксама адзначыла, што Літва пакідае за сабой права не адкрываць памежныя пункты і закрываць іх у любы час.
Паводле прэмʼер-міністаркі, апошнім часам паветраных шароў з кантрабанднымі цыгарэтамі стала меней.
«Недзе каля тыдня фіксуем невялікую колькасьць шароў — ад нуля да 2-3».
«Гэта дакладна не праз умовы надворʼя», — дадала яна.
Ругінене таксама адзначыла, што былі «пэўныя пазытыўныя рэчы» і з боку Беларусі.
На мяжы сустрэліся намесьнікі кіраўнікоў памежных службаў Беларусі і Літвы
18 лістапада адбылася сустрэча памежнікаў Літвы і Беларусі на закрытым памежным пераходзе «Лаварышкі» на ўзроўні намесьнікаў кіраўнікоў памежных ведамстваў — Данатаса Шкарнуліса і Рамана Подлінева.
Як паведаміла Літоўская служба аховы мяжы, беларускаму боку перадалі пазыцыю Літвы і заклікалі вырашыць найбольш актуальныя на сёньня праблемы.
- Спыніць кантрабанду паветранымі шарамі, якая пагражае авіяцыі і грамадзкай бясьпецы.
- Вырашыць пытаньне вяртаньня літоўскіх грузавікоў і не спаганяць за іхную стаянку непрапарцыйныя грошы.
- Спыніць нелегальную міграцыю зь Беларусі ня толькі ў Літву, але і ва ўсім рэгіёне.
Беларускія памежнікі ў сваю чаргу перадалі пазыцыю Беларусі, падрабязнасьцяў якой на момант публікацыі не было.
Раней сёньня літоўскія памежнікі паведамілі, што за мінулыя содні нелегальна перасячы беларуска-літоўскую мяжу не спрабаваў ніводзін мігрант. Пры тым, што сёлета такіх спробаў было 1546.
Закрыцьцё пераходаў на мяжы Літвы і Беларусі
- 8 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (з боку Беларусі Лоша) і Цьверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягвалі працаваць два памежныя пераходы — Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі).
- Урад Літвы 27 кастрычніка 2025 году зусім закрыў мяжу зь Беларусьсю на месяц пасьля таго, як некалькі разоў вымушана прыпынялася праца аэрапортаў у Вільні і Коўне з прычыны зьяўленьня паблізу іх аэрастатаў, якія ляцелі зь Беларусі, несучы цыгарэты.
- Улады Беларусі ў адказ 31 кастрычніка забаранілі літоўскім грузавікам выяжджаць цераз польскую і латвійскую мяжу.
- 10 лістапада на загад Аляксандра Лукашэнкі ўсе літоўскія фуры, якія знаходзяцца ў Беларусі, сабралі на адмысловых пляцоўках і ўзялі пад ахову з выстаўленьнем рахункаў — 120 эўра на содні. Паводле Лукашэнкі, фураў было больш за 1100.
- 10 лістапада Вільня зьвярнулася да Менску з просьбай дазволіць выезд грузавікоў сваіх кампаніяў у Літву. Менск адмовіў.
- Вільня марна спрабавала вярнуць транспарт шляхам кантактаў на ведамасным узроўні. Беларусь прапанавала Літве або скасаваць рашэньне аб закрыцьці мяжы, або выйсьці на палітычна-дыпляматычнае разьвязаньне праблемы.
- 19 лістапада ўрад Літвы вырашыў, што закрытыя ў кастрычніку два пункты пропуску на мяжы Літвы і Беларусі Меднікі і Салечнікі адкрыюцца з 20 лістапада. Перад гэтым прэмʼер-міністарка Інга Ругінене заявіла, што апошнім часам паветраных балёнаў з кантрабандавымі цыгарэтамі стала меней.
- Аднак пасьля таго як урад Літвы зноў адкрыў мяжу, Віленскі аэрапорт зноў некалькі разоў закрывалі з прычыны аэрастатаў зь Беларусі, а літоўскім фурам па-ранейшаму не даюць выехаць у Літву. Беларускі бок патрабуе ад Вільні пачатку палітычных перамоваў.
Форум