Будрыс заявіў, што рэжым Лукашэнкі неразважна тэрарызуе Літву — дзяржаву Эўразьвязу

Міністар замежных справаў Літвы Кястуціс Будрыс, архіўнае фота

Улады Літвы абвінавачваюць Беларусь у патураньні запускам паветраных балёнаў, якія перашкаджаюць працы Віленскага аэрапорту, і ў незаконным блякаваньні грузавікоў.

У тэлефоннай размове з кіраўніцай дыпляматычнага ведамства Эўрапейскага Зьвязу Каяй Калас 1 сьнежня міністар замежных справаў Літвы Кястуціс Будрыс заклікаў не дазволіць Беларусі пазбавіцца санкцыяў, піша BNS.

«Гэта ня першы выпадак, калі рэжым Беларусі ўжывае гібрыдныя захады супраць дзяржаваў ЭЗ. Некалькі гадоў таму гэта была інструмэнталізаваная міграцыя, зараз — кантрабандысцкія паветраныя балёны. Шантажуючы Літву і патрабуючы палітычнага дыялёгу, рэжым Лукашэнкі імкнецца зламаць цьвёрдую пазыцыю ЭЗ — выйсьці зь міжнароднай ізаляцыі і пазбавіцца санкцыяў. Мы ня можам гэтага дапусьціць», — цытуе Будрыса МЗС Літвы ў сваім паведамленьні.

Будрыс падкрэсьліў, што ЭЗ павінен пачаць захады дзеля абароны сваіх грамадзян, прадэманстраваць рашучасьць і адзінства ня толькі заявамі аб салідарнасьці, але і канкрэтнымі дзеяньнямі.

Будрыс спадзяецца на прагрэс у найбліжэйшым часе ў пытаньні дадатковых санкцыяў супраць Беларусі, прапанаваных Літвой Эўрапейскай камісіі ў канцы кастрычніка.

«Узмацненьне жорсткасьці санкцый супраць рэжыму Беларусі — абавязковы адказ на ягоныя дзеяньні. ЭЗ ня можа моўчкі назіраць і мірыцца з тым, як рэжым Лукашэнкі безразважна тэрарызуе дзяржаву ЭЗ, рабуе маёмасьць і мэтанакіравана ставіць пад пагрозу бясьпеку грамадзян. Гэта атака ня толькі на Літву, але і на ўвесь ЭЗ. Эўразьвяз павінен прадэманстраваць цьвёрдасьць хрыбта», — заявіў міністар Будрыс.

Заявы прагучалі пасьля таго, як учора ўвечары Віленскі аэрапорт быў ізноў закрыты праз пагрозу ад кантрабандысцкіх паветраных балёнаў, што закранула больш за 7,4 тысячы пасажыраў і 50 рэйсаў.

У канцы кастрычніка Літва падала ў Эўракамісію прапановы аб уключэньні дадатковага крытэру — гібрыдная атака — у рэжым санкцыяў ЭЗ супраць Беларусі. Літва таксама прапануе ЭЗ увесьці дадатковыя сэктаральныя санкцыі супраць Беларусі.

Раней кіраўнікі двух літоўскіх ведамстваў — міністар замежных справаў Кястуціс Будрыс і міністар транспарту і сувязі Юрас Тамінскас — зьвярнуліся ў Эўрапейскую камісію з просьбай дапамагчы вярнуць грузавікі, якія захрасьлі ў Беларусі.

Пасьля аднаўленьня працы памежных пераходаў Літва ўжо пяць разоў прыпыняла працу аэрапорту ў Вільні праз новыя мэтэазонды, што ўрываліся ў паветраную прастору краіны з тэрыторыі Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва зьвярнулася да Эўразьвязу па дапамогу ў вяртаньні грузавікоў зь Беларусі

Закрыцьцё пераходаў на мяжы Літвы і Беларусі

  • 8 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (з боку Беларусі Лоша) і Цьверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягвалі працаваць два памежныя пераходы — Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі).
  • Урад Літвы 27 кастрычніка 2025 году зусім закрыў мяжу зь Беларусьсю на месяц пасьля таго, як некалькі разоў вымушана прыпынялася праца аэрапортаў у Вільні і Коўне з прычыны зьяўленьня паблізу іх аэрастатаў, якія ляцелі зь Беларусі, несучы цыгарэты.
  • Улады Беларусі ў адказ 31 кастрычніка забаранілі літоўскім грузавікам выяжджаць цераз польскую і латвійскую мяжу.
  • 10 лістапада на загад Аляксандра Лукашэнкі ўсе літоўскія фуры, якія знаходзяцца ў Беларусі, сабралі на адмысловых пляцоўках і ўзялі пад ахову з выстаўленьнем рахункаў — 120 эўра на содні. Паводле Лукашэнкі, фураў было больш за 1100.
  • 10 лістапада Вільня зьвярнулася да Менску з просьбай дазволіць выезд грузавікоў сваіх кампаніяў у Літву. Менск адмовіў.
  • Вільня марна спрабавала вярнуць транспарт шляхам кантактаў на ведамасным узроўні. Беларусь прапанавала Літве або скасаваць рашэньне аб закрыцьці мяжы, або выйсьці на палітычна-дыпляматычнае разьвязаньне праблемы.
  • 19 лістапада ўрад Літвы вырашыў, што закрытыя ў кастрычніку два пункты пропуску на мяжы Літвы і Беларусі Меднікі і Салечнікі адкрыюцца з 20 лістапада. Перад гэтым прэмʼер-міністарка Інга Ругінене заявіла, што апошнім часам паветраных балёнаў з кантрабандавымі цыгарэтамі стала меней.
  • Аднак пасьля таго як урад Літвы зноў адкрыў мяжу, Віленскі аэрапорт зноў некалькі разоў закрывалі з прычыны аэрастатаў зь Беларусі, а літоўскім фурам па-ранейшаму не даюць выехаць у Літву. Беларускі бок патрабуе ад Вільні пачатку палітычных перамоваў.