Інстытут вывучэньня вайны ацаніў уварваньне зь Беларусі дронаў і балёнаў у паветраную прастору краін ЭЗ

Балён з цыгарэтамі ў Літве

Аналітыкі Інстытута вывучэньня вайны (ISW) называюць гэта часткай падрыхтоўкі Расеі да магчымай вайны з NATO.

Аб сувязі масавых прылётаў аэрастатаў з кантрабандай з Беларусі ў краіны Балтыі з падрыхтоўкай Расеі да патэнцыйнага сутыкненьня з Паўночнаатлянтычным альянсам гаворыцца ў новай справаздачы Інстытуту вывучэньня вайны (ISW).

Аналітыкі ISW адзначылі, што паветраныя балёны зь Беларусі «працягваюць урывацца ў прастору NATO ў Літве і Латвіі».

«Кіраўнік Нацыянальнага цэнтра кіраваньня крызісамі Літвы Вілмантас Віткаўскас паведаміў, што Віленскі міжнародны аэрапорт двойчы прыпыняў працу 24 лістапада з-за нявызначанай колькасьці балёнаў, якія ляцелі зь беларускай паветранай прасторы, — гаворыцца ў дакумэнце. — Паводле Віткаўскаса, улады выявілі больш за 40 балёнаў зь Беларусі паветранай прасторы Літвы і каля 30 — у Латвіі ў ноч з 23 на 24 лістапада».

Расея «ўсё больш актыўна вядзе прыхаваныя і адкрытыя атакі супраць Эўропы», заявілі аналітыкі. Парушэньні паветранай прасторы Эўропы з боку Расеі, якія працягваюцца, на іх думку, зьяўляюцца «часткай нулявой фазы — больш шырокай інфармацыйна-псыхалягічнай стадыі падрыхтоўкі, накіраванай на стварэньне ўмоў для магчымай будучай вайны паміж NATO і РФ».

«ISW таксама па-ранейшаму ацэньвае, што Беларусь зьяўляецца дэ-факта саўдзельнікам Расеі ў вайне супраць Украіны, а значыць, беларускія ўварваньні ў паветраную прастору зьяўляюцца часткай больш шырокіх дзеяньняў Расеі ў рамках гэтай нулявой фазы», — гаворыцца ў дакумэнце.

У канцы кастрычніка Вільня закрыла пункты пропуску Меднікі (зь беларускага боку — Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі), дамагаючыся такім чынам рэакцыі Менска на масавыя прылёты зь Беларусі паветраных балёнаў з кантрабандай, якія перашкаджалі ў тым ліку грамадзянскай авіяцыі Літвы.

Памежыя пераходы аднавілі працу апоўначы 20 лістапада (а 1:00 па менскім часе). За тры тыдні, пакуль яны былі зачыненыя, рэжым Аляксандра Лукашэнкі пасьпеў узмацніць жорсткасьць правілаў знаходжаньня ў краіне літоўскага грузавога транспарту, увязаўшы іх з працай пунктаў пропуску. У Беларусі затрымалася каля 1,3 тысячы зарэгістраваных у Літве грузавікоў, якія ня могуць выехаць з краіны нават пры адкрытай мяжы. Менск на гэтым фоне дамагаецца кантактаў з Вільняй на палітыка-дыпляматычным узроўні, піша Позірк.

  • Увечары 23 лістапада рэйсы ў аэрапорце Вільні зноў прыпыняліся на некалькі гадзін праз падазрэньне на прылёт паветраных балёнаў.
  • Навігацыйныя сыстэмы паблізу аэрапорту выявілі кантрабандныя паветраныя балёны, якія маглі трапіць у паветраную прастору краіны зь Беларусі.
  • Абмежаваньні на выкарыстаньне паветранай прасторы зьнялі 24 лістапада прыблізна а 00:25, а з 1:40 аэрапорт зноў прыпыніў сваю працу і а 3:25 аднавіў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ерка Літвы: калі сытуацыя зь Беларусьсю ня зьменіцца, будзе прынятае рашэньне закрыць мяжу

Закрыцьцё пераходаў на мяжы Літвы і Беларусі

  • 8 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (з боку Беларусі Лоша) і Цьверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягвалі працаваць два памежныя пераходы — Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі).
  • Урад Літвы 27 кастрычніка 2025 году зусім закрыў мяжу зь Беларусьсю на месяц пасьля таго, як некалькі разоў вымушана прыпынялася праца аэрапортаў у Вільні і Коўне з прычыны зьяўленьня паблізу іх аэрастатаў, якія ляцелі зь Беларусі, несучы цыгарэты.
  • Улады Беларусі ў адказ 31 кастрычніка забаранілі літоўскім грузавікам выяжджаць цераз польскую і латвійскую мяжу.
  • 10 лістапада на загад Аляксандра Лукашэнкі ўсе літоўскія фуры, якія знаходзяцца ў Беларусі, сабралі на адмысловых пляцоўках і ўзялі пад ахову з выстаўленьнем рахункаў — 120 эўра на содні. Паводле Лукашэнкі, фураў было больш за 1100.
  • 10 лістапада Вільня зьвярнулася да Менску з просьбай дазволіць выезд грузавікоў сваіх кампаніяў у Літву. Менск адмовіў.
  • Вільня марна спрабавала вярнуць транспарт шляхам кантактаў на ведамасным узроўні. Беларусь прапанавала Літве або скасаваць рашэньне аб закрыцьці мяжы, або выйсьці на палітычна-дыпляматычнае разьвязаньне праблемы.
  • 19 лістапада ўрад Літвы вырашыў, што закрытыя ў кастрычніку два пункты пропуску на мяжы Літвы і Беларусі Меднікі і Салечнікі адкрыюцца з 20 лістапада. Перад гэтым прэмʼер-міністарка Інга Ругінене заявіла, што апошнім часам паветраных балёнаў з кантрабандавымі цыгарэтамі стала меней.
  • Аднак пасьля таго як урад Літвы зноў адкрыў мяжу, Віленскі аэрапорт зноў некалькі разоў закрывалі з прычыны аэрастатаў зь Беларусі, а літоўскім фурам па-ранейшаму не даюць выехаць у Літву. Беларускі бок патрабуе ад Вільні пачатку палітычных перамоваў.