Пра гэта паведамляе партал Delfi.
«Як толькі мы адкрылі памежныя пераходы, мы ўбачылі пазытыўныя сыгналы зь іншага боку мяжы. Але як толькі сытуацыя зьменіцца, мы ўжо атрымліваем права і магчымасьць разгледзець самыя жорсткія іншыя меры. На сёньняшні дзень нам трэба сустрэцца і абмеркаваць усе дзеяньні, якія мы робім. Магчыма, мы закрыем мяжу» — заявіла Ругінене.
У сувязі з гэтым, паведаміла яна, на гэтым тыдні склікаецца пасяджэньне Камісіі ў нацыянальнай бясьпецы для абмеркаваньня магчымых мер супраць дзеяньняў беларускага рэжыму.
«Кантрабандныя шары лёталі і, мяркуючы па ўсім, будуць лётаць. Адкрыцьцё мяжы паказала адно: мы ўсё ж мелі рацыю — гэта гібрыдная атака. Беларусь учыняе супрацьпраўныя дзеяньні, утрымліваючы нашы фуры і не адкрываючы мяжу са свайго боку», — сказала прэмʼерка.
«Мы ўсё абмяркуем, закрыцьцё мяжы — гэта не адзіная мера», — падкрэсьліла Ругінене.
Камэнтуючы крытыку на свой адрас наконт закрыцьця мяжы і яе датэрміновага адкрыцьця, прэмʼер-міністарка нагадала, што мэтэазонды лёталі і пры папярэдняй уладзе.
«Цяпер могуць быць розныя ацэнкі постфактум. Я чую гэта і ад апазыцыі, якая не прадставіла ніводнай прапановы аб тым, што яшчэ можна зрабіць. Мэтэазонды лёталі і год і два таму. Была іншая ўлада, можна было свабодна справіцца з гэтым, калі былі жаданьне і сілы», — сказала кіраўніца ўраду Літвы.
Па яе словах, зараз вядзецца інтэнсіўная праца з саюзьнікам Літвы — Злучанымі Штатамі, якія ўдзельнічаюць у перамовах з Беларусьсю аб вызваленьні палітзьняволеных.
Ругінене таксама адзначыла, што вядуцца перамовы з Эўрапейскай камісіяй адносна дзеяньня Менску адносна літоўскіх фураў, а таксама вядзецца праца над новым пакетам санкцый супраць Беларусі.
Прэмʼерка падкрэсьліла, што гэтай ноччу мэтэазонды з кантрабандай таксама праніклі ў паветраную прастору Латвіі.
«Мы бачым, што гібрыдны напад пашырае сваю геаграфію. Ёсьць выпадкі, калі мэтэазонды перасякалі мяжу Латвіі, гэтай ноччу. Так што гэта праблема ня толькі Літвы», — сказала яна, дадаўшы, што таксама будуць праведзеныя перамовы з кіраўнікамі ўрадаў іншых краінаў рэгіёну аб сумесных дзеяньнях.
Старшыня камітэту Сейму Літвы ў замежных справах Рэмігіюс Мотузас мяркуе, што Літва пасьпяшалася з рашэньнем аб адкрыцьці мяжы зь Беларусьсю.
«Мы пасьпяшаліся, таму што перавозьнікі вельмі моцна на нас ціснулі. Насамрэч, калі ўнікаць у сытуацыю зь перавозьнікамі, яна была вельмі складанай, паколькі была затрыманая ня толькі тэхніка, але і частка перавозьнікаў, таксама была значная колькасьць тавараў. [...] Мы паверылі ў добрую волю Беларусі», — цытуе Мотузаса LRT.
Паводле яго, для вырашэньня праблем з паветранымі балёнамі неабходна зноў склікаць міжведамасную нараду, узаемадзейнічаць з краінамі Эўразьвязу і ўводзіць новыя санкцыі супраць Беларусі. «Нашы розныя інстытуты, адказныя за гэта, павінны сустрэцца зноў і зноў, каб прадугледзіць пэўныя захады. [...] Мы сёньня пачулі, што гэта адбываецца і на тэрыторыі Латвіі, мы бачым, што рэгіянальная супраца павінна быць прыярытэтам», — сказаў дэпутат літоўскага парлямэнту.
«Вядома, пазыцыя Польшчы тут вельмі важная, таму што яны адкрылі пункты. Мяркую, што агульная пазыцыя ЭЗ таксама вельмі важная. [...] Санкцыі павінны быць больш жорсткімі супраць Беларусі і Расеі, у тым ліку праз гібрыдныя пагрозы», — адзначыў ён.
Міністар замежных справаў Літвы Кястуціс Будрыс паабяцаў паінфармаваць сваіх калегаў з краінаў Эўразьвязу пра апошнія падзеі на мяжы з Беларусьсю.
Гэтая заява была зробленая сёньня перад пасяджэньнем Рады ЭЗ у замежных справах у галіне гандлю, паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк».
Паводле словаў кіраўніка літоўскай дыпляматыі, яго краіна «зазнае камбінаваную атаку, якая зыходзіць з Беларусі».
Першай складовай часткай гэтага «камбінаванага нападу» Будрыс назваў «інструмэнталізацыю мэтэаралягічных балёнаў, якія пасылаюцца ў паветраную прастору краіны, парушаюць яго і працу цывільнай авіяцыі».
Паводле яго слоў, за ўвесь час, калі Літва была вымушаная ў адказ закрываць сваю паветраную прастору, пацярпела больш за 30 тысячаў пасажыраў, у тым ліку больш за тысячу — за апошнія содні; было перанакіравана больш за 200 авіярэйсаў.
Другім складнікам гэтага нападу міністар лічыць «захоп літоўскіх грузавікоў і паўпрычэпаў у Беларусі, шантаж і ціск на эканоміку краіны».
Эўразьвяз, на думку Будрыса, павінен «адказаць на гэтую камбінаваную атаку», паколькі Літва як чалец ЭЗ і ўвесь Зьвяз «знаходзяцца пад эканамічным ціскам». Кіраўнік літоўскага МЗС лічыць, што ЭЗ у гэтай сытуацыі «павінен абараніць свае кампаніі і іх уласнасьць, і для гэтага — увесьці новыя санкцыі ў дачыненьні да беларускай эканомікі, гандлю і прадстаўнікоў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі».
Увечары 23 лістапада рэйсы ў аэрапорце Вільні зноў прыпыняліся на некалькі гадзін праз падазрэньне на прылёт паветраных балёнаў. Навігацыйныя сыстэмы паблізу аэрапорту выявілі кантрабандныя паветраныя балёны, якія маглі трапіць у паветраную прастору краіны зь Беларусі. Абмежаваньні на выкарыстаньне паветранай прасторы зьнялі 24 лістапада прыблізна а 00:25, а з 1:40 аэрапорт зноў прыпыніў сваю працу і а 3:25 аднавіў.
Увечары 23 лістапада 7 мэтэазондаў з кантрабанднымі цыгарэтамі зь Беларусі знайшлі на тэрыторыі Латвіі. Кожны зь іх транспартаваў каля 60 тысяч кантрабандных цыгарэт.
Закрыцьцё пераходаў на мяжы Літвы і Беларусі
- 8 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (з боку Беларусі Лоша) і Цьверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягвалі працаваць два памежныя пераходы — Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі).
- Урад Літвы 27 кастрычніка 2025 году зусім закрыў мяжу зь Беларусьсю на месяц пасьля таго, як некалькі разоў вымушана прыпынялася праца аэрапортаў у Вільні і Коўне з прычыны зьяўленьня паблізу іх аэрастатаў, якія ляцелі зь Беларусі, несучы цыгарэты.
- Улады Беларусі ў адказ 31 кастрычніка забаранілі літоўскім грузавікам выяжджаць цераз польскую і латвійскую мяжу.
- 10 лістапада на загад Аляксандра Лукашэнкі ўсе літоўскія фуры, якія знаходзяцца ў Беларусі, сабралі на адмысловых пляцоўках і ўзялі пад ахову з выстаўленьнем рахункаў — 120 эўра на содні. Паводле Лукашэнкі, фураў было больш за 1100.
- 10 лістапада Вільня зьвярнулася да Менску з просьбай дазволіць выезд грузавікоў сваіх кампаніяў у Літву. Менск адмовіў.
- Вільня марна спрабавала вярнуць транспарт шляхам кантактаў на ведамасным узроўні. Беларусь прапанавала Літве або скасаваць рашэньне аб закрыцьці мяжы, або выйсьці на палітычна-дыпляматычнае разьвязаньне праблемы.
- 19 лістапада ўрад Літвы вырашыў, што закрытыя ў кастрычніку два пункты пропуску на мяжы Літвы і Беларусі Меднікі і Салечнікі адкрыюцца з 20 лістапада. Перад гэтым прэмʼер-міністарка Інга Ругінене заявіла, што апошнім часам паветраных балёнаў з кантрабандавымі цыгарэтамі стала меней.
- Аднак пасьля таго як урад Літвы зноў адкрыў мяжу, Віленскі аэрапорт зноў некалькі разоў закрывалі з прычыны аэрастатаў зь Беларусі, а літоўскім фурам па-ранейшаму не даюць выехаць у Літву. Беларускі бок патрабуе ад Вільні пачатку палітычных перамоваў.
Форум