Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэлегацыя Беларусі прагаласавала супраць рэзалюцыі ААН за вяртаньне выкрадзеных Расеяй украінскіх дзяцей


Група ўкраінскіх дзяцей, вывезеных з акупаваных тэрыторыяў у Беларусь, архіўнае фота
Група ўкраінскіх дзяцей, вывезеных з акупаваных тэрыторыяў у Беларусь, архіўнае фота

Генэральная Асамблея ААН прыняла неабавязковую рэзалюцыю, у якой заклікала да неадкладнага і безумоўнага вяртаньня ўкраінскіх дзяцей, «гвалтоўна перавезеных» у Расею.

91 дзяржава прагаласавала «за», 12 — «супраць», 57 дзяржаваў устрымаліся. Беларусь была сярод дзяржаваў, якія галасавалі супраць.

Улады Беларусі дапамагаюць Расеі вывозіць дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў Украіны. Вядома, што тысячы ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў прыяжджаюць у Беларусь.

Журналісты Свабоды і ўкраінскага праекту «Схемы» дасьледавалі тэму вывазу непаўналетніх з акупаваных Расеяй тэрыторыяў — пераважна зь Лісічанску і Марыюпалю — у дзіцячыя лягеры Беларусі і высьветлілі, якія арганізацыі датычныя да гэтага, знайшлі бацькоў дзяцей, што знаходзіліся ў такіх установах, а таксама атрымалі эксклюзіўныя ўнутраныя дакумэнты Беларускага Чырвонага Крыжа.

У рэзалюцыі Генэральнай Асамблеі ААН патрабуецца, «каб Расейская Фэдэрацыя забясьпечыла неадкладнае, бясьпечнае і безумоўнае вяртаньне ўсіх украінскіх дзяцей, гвалтоўна перавезеных або дэпартаваных».

У ёй таксама заклікаюць Маскву «неадкладна спыніць якую-кольвек далейшую практыку гвалтоўнага перамяшчэньня, дэпартацыі, разлукі зь сем’ямі і законнымі апекунамі, зьмены асабістага статусу, у тым ліку праз грамадзянства, усынаўленьне або разьмяшчэньне ў прыёмныя семʼі, індактрынацыі ўкраінскіх дзяцей».

Вядома, што за час вайны былі знойдзеныя і вернутыя дадому больш за 1850 украінскіх дзяцей. Намесьніца пасланьніка Масквы пры ААН Марыя Забалоцкая раскрытыкавала рэзалюцыю як «поўную хлусьлівых абвінавачваньняў».

Паводле пасланьніка Эўрапейскага Зьвязу ў ААН Стаўраса Лямбрынідыса, «выкрадзеныя дзеці Ўкраіны ня могуць чакаць канчатковага выніку мірных перамоваў, рашэньня Расеі спыніць вайну ці не», — паведамляе AFP.

Тым часам упершыню ў гісторыі ў Сэнаце ЗША ў Вашынгтоне 3 сьнежня адбыліся спэцыяльныя слуханьні ў справе выкраданьня і гвалтоўнага перамяшчэньня ўкраінскіх дзяцей Расеяй, паведамляе Ўкраінская служба Радыё Свабода.

Прадстаўнікі Дэмакратычнай і Рэспубліканскай партыяў ЗША сышліся на думцы, што дэпартацыя дзяцей — гэта мэтанакіраваная палітыка Расейскай Фэдэрацыі, накіраваная на зьнішчэньне ўкраінскай ідэнтычнасьці, і Расея павінна за гэта адказаць. Яны назвалі вяртаньне дзяцей абавязковым пунктам мірнага пляну. Расейскі пасол на слуханьні не зьявіўся.

У сакавіку 2023 года Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэры на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і расейскай прадстаўніцы ў справах дзяцей Марыі Львовай-Бяловай. Іх падазраюць у зьдзяйсьненні ваенных злачынстваў — у гвалтоўных дэпартацыях і перамяшчэньні насельніцтва, у тым ліку дзяцей, з акупаваных тэрыторыяў Украіны.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG