Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва ўручыла ноту пратэсту беларускаму паверанаму. А зь Беларусі зноў паляцелі балёны з кантрабандай, закрылі Віленскі аэрапорт


Віленскі аэрапорт, архіўнае фота
Віленскі аэрапорт, архіўнае фота

3 сьнежня ў МЗС Літвы выклікалі часовага паверанага ў справах Беларусі і ўручылі яму ноту пратэсту.

Прычынай сталі няспынныя гібрыдныя атакі з тэрыторыі Беларусі кантрабандысцкімі балёнамі, якія парушаюць працу Віленскага аэрапорту і пагражаюць бясьпецы цывільнай авіяцыі, а таксама блякаваньне літоўскіх грузавікоў з прычэпамі, якім улады Беларусі не дазваляюць вярнуцца назад у Літву, вынікае з паведамленьня МЗС Літвы.

Літва запатрабавала, каб Беларусь:

  • выконвала свае міжнародныя абавязаньні,
  • забясьпечыла кантроль над сваёй паветранай прасторай і мяжой, каб спыніць там правапарушэньні,
  • прыняла меры для спыненьня міжнародных арганізаваных злачынстваў.


МЗС Літвы папярэдзіў, што калі ўлады Беларусі ня спыняць эканамічны шантаж і ня вернуць незаконна сканфіскаваную маёмасьць, якая належыць грамадзянам і кампаніям Эўразьвязу, Літва паведаміць міжнародным арганізацыям пра рызыкі і пагрозы для міжнародных грузаперавозак у Беларусі.

Літоўскі бок заявіў, што пакідае за сабой права ўключыць юрыдычныя мэханізмы для прыцягненьня беларускай дзяржавы да адказнасьці і спагнаньня кампэнсацыі за прычыненую шкоду, а таксама прыняць іншыя контразахады на нацыянальным, эўрапейскім і міжнародным узроўнях.

А 19:36 у гэты ж дзень Віленскі аэрапорт чарговы раз спыніў прыём і адпраўку рэйсаў праз пагрозу сутыкненьня самалётаў з кантрабандысцкімі балёнамі, запушчанымі зь Беларусі.

Ад пачатку году ў паветраную прастору краіны ўляцела больш як 600 балёнаў з кантрабандай і амаль 200 дронаў.

Пасьля аднаўленьня працы памежных пераходаў ужо шэсьць разоў прыпынялася праца аэрапорту ў Вільні з прычыны новых мэтэазондаў, якія ўрываліся ў паветраную прастору краіны з тэрыторыі Беларусі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG