Як паведамляе тэлеграм-канал Палаты прадстаўнікоў, паводле праекту рэспубліканскага (дзяржаўнага) бюджэту налета прадугледжваецца 54 384,3 млн рублёў даходу. Асноўныя крыніцы падатковых даходаў бюджэту — падатак на дабаўленую вартасьць, акцызы, падатковыя даходы ад замежнаэканамічнай дзейнасьці.
Выдаткі на 2026 год у праекце бюджэту сфармаваныя ў суме 58 733,2 млн рублёў, а дэфіцыт — у 4 348,9 млн. рублёў. Дэфіцыт плянуецца закрыць коштам фінансавых астачаў зь бюджэтаў мінулых гадоў, заявіў міністар фінансаў Юры Селіванаў.
Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у другім чытаньні прынялі і законапраект «Аб зьмене законаў у пытаньнях падатковых праваадносінаў».
Сярод новага — стаўка падатку на даданую вартасьць (ПДВ) 10% на яблыкі, вырашчаныя ў дзяржавах, зь якімі ўведзены мытны кантроль. Да канца гэтага году да імпартных яблыкаў стасавалася нулявая стаўка ПДВ у сувязі з неўраждаем.
Таксама перагледжаныя стаўкі падаходнага падатку. Для большасьці грамадзян ён застаецца ранейшым — 13%. Падаходны падатак падвышаецца да 25% для даходаў паміж 350 і 600 тысяч рублёў; падатак 30% уведзены для даходаў, большых за 600 тысяч рублёў. Стаўка падаходнага падатку на дывідэнды складзе 13% (да 350 тысяч рублёў) і 25% (больш за 350 тысяч рублёў). У ранейшым варыянце, прынятым у першым чытаньні, падаходны падатак на даходы, большыя за 600 тысяч рублёў, складаў 40%. Такі варыянт Палата прадстаўнікоў не прыняла без тлумачэньняў.
Форум