Пра гэта гаворыцца на сайце Міністэрства абароны Літвы:
«Літоўскае войска аб’яўляе пляны прызыву 2026 году на абавязковую першапачатковую вайсковую службу. Будуць далей працягвацца захады для ўмацаваньня абароназдольнасьці краіны, падтрыманьня належнага складу дзейнага рэзэрву і стварэньня для моладзі ўмоваў набыцьця неабходнай баявой падрыхтоўкі... Прызыў 2026 году ёсьць мэтанакіраваным крокам дзеля ўмацаваньня абароннай сыстэмы нашае дзяржавы... Увага да рэзэрву і вайсковай падрыхтоўкі —зьмястоўныя прыярытэты ў сёньняшняй сытуацыі зь бясьпекай», — гаворыцца на сайце Міністэрства абароны Літвы.
Прызыў будзе праходзіць цягам году, з 2 студзеня па 31 сьнежня. Усяго плянуецца выклікаць на службу каля 5000 прызыўнікоў.
Паводле адкрытых крыніц, у літоўскім войску цяпер служаць каля 12 тысяч прафэсійных вайскоўцаў, а каля 3920 чалавек былі прызваныя ў 2025 годзе на тэрміновую службу на 9 месяцаў.
Структура прызыву ня будзе аднастайнай: амаль чатыры тысячы юнакоў будуць прызваныя на дзевяцімесячную пачатковую службу, 90 чалавек з патрэбнымі для войска спэцыяльнасьцямі адслужаць тры месяцы, яшчэ 450 чалавек будуць прызваныя на тры-чатыры месяцы пачатковай падрыхтоўкі або ў межах праграмы наданьня вайсковай спэцыяльнасьці, разьлічанай на тры гады. Яшчэ 650 чалавек за 160–200 дзён пройдуць праграму падрыхтоўкі малодшых афіцэраў.
Літва — не адзіная краіна Эўропы, дзе праводзяць рэформу ўзброеных сілаў. У Нямеччыне вярнулі вайсковы ўлік і абавязковыя мэдычныя агляды для ўсіх 18-гадовых (на думку апазыцыі, гэта крок да вяртаньня прызыву ў войска). Францыя, дзе вайсковы абавязак скасавалі амаль 30 гадоў таму, увяла добраахвотную вайсковую службу, каб падвоіць колькасьць рэзэрвістаў у бліжэйшыя дзесяць гадоў. Набор 18-19-гадовых ахвочых там пачнецца летам.
У кастрычніку стала вядома, што Літва, Латвія і Эстонія распрацоўваюць плян масавай эвакуацыі насельніцтва ў выпадку расейскага ўварваньня: краіны рыхтуюцца да таго, што эвакуацыя можа закрануць прыкладна 1,2 млн. чалавек з каля 6,2 млн. жыхароў.
Форум