У Літве загаварылі пра магчымасьць новага закрыцьця мяжы
Прэм’ер-міністарка Літвы Інга Ругінене заявіла, што ўрад зноў разглядае варыянт закрыцьця мяжы зь Беларусьсю, а дзеяньні будзе ўзгадняць з ЗША. На сустрэчы з апазыцыйнымі фракцыямі Сейму, як паведамляе BNS, Ругінене заявіла, што такі крок, як новае закрыцьцё мяжы, трэба абмеркаваць з «стратэгічнымі партнэрамі», і затым адбудзецца сустрэча з амэрыканцамі дзеля ўзгадненьня дзеяньняў.
Ругінене ўважае перамовы з амэрыканцамі важнымі, бо папярэдняе закрыцьцё мяжы паказала, што Лукашэнка слухае амэрыканскі бок.
У сувязі з патокам мэтэазондаў з кантрабандай зь Беларусі ў Літву, які парушае працу аэрапортаў, прэм’ер-міністар Інга Ругінене ў аўторак мае намер сустрэцца са спэцпрадстаўніком ЗША Джонам Коўлам, які плянуе наведаць Беларусь.
«Сёньня ў мяне адбудзецца гутарка са спэцпрадстаўніком ЗША Джонам Коўлам. Паколькі ён рыхтуецца да паездкі ў Беларусь, сёньня ў нас будзе размова па розных пытаньнях. Гэта датычыцца, у прыватнасьці, сытуацыі ня толькі з балёнамі, але і з перавозчыкамі», — сказала прэмʼер-міністар на пасяджэньні апазыцыйных фракцый Сейта Літвы ў аўторак 2 сьнежня, яе цытуе Delfi.lt.
Таксама прэм’ерка Літвы заявіла, што не атрымлівала ад дзяржаўных органаў ніякай інфармацыі пра нібыта прылёт літоўскага бесьпілётніка ў Горадню. Яна сказала, што ўжо чула пра такі факт, але ёй нічога не вядома пра датычнасьць да таго дрону Літвы.
Рэакцыя ў Вільні на інцыдэнт з дронам
Дарадца прэзыдэнта Літвы ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Марус Часнулявічус кажа, што ня мае дакладнай інфармацыі пра здарэньне з дронам, які нібыта прыляцеў зь Літвы ў Беларусь і скінуў там бел-чырвона-белыя нацыянальныя беларускія сьцягі.
Дарадца сказаў, што прапаганда ў Беларусі магла выдумаць гэтую гісторыю, але ня выключыў магчымасьці таго, што адправіць такі дрон зь Літвы сапраўды маглі актывісты.
«Я пакуль не магу даць дакладнай інфармацыі, магчымыя некалькі варыянтаў разьвіцьця падзеяў. Згодна з гэтай народнай вэрсіяй, якую мы апісалі — „сам сябе б’е, сам крычыць“, гэта можа быць правакацыяй, зладжанай імі самімі. Можа быць, нейкія актывісты, гэтага таксама нельга выключаць», — сказаў Часнулявічус для Žinių radijas, піша BNS.
Дарадца адзначыў, што патрэбнае дэталёвае расьсьледаваньне.
Раней Беларусь выклікала часовага паверанага ў справах Літвы, каб заявіць пратэст у сувязі з тым, што ў паветраную прастору краіны 30 лістапада нібыта ўварваўся запушчаны зь Літвы дрон.
Паводле даных Менску, расьсьледаваньне абломкаў дрону паказала, што маршрут бесьпілётніка, вырабленага ў Заходняй Эўропе, «уключаў пралёт над тэрыторыяй Беларусі, пералёт у Польшчу і вяртаньне тым самым маршрутам да пункту ўзьлёту на тэрыторыі Літвы».
Літва заклікае Эўразьвяз выпрацаваць больш эфэктыўную палітыку адносна Беларусі
У лісьце эўрапейскаму камісару ўнутраных справаў і міграцыі літоўскі міністар унутраных справаў Уладзіслаў Кандратовіч заклікаў ЭЗ падтрымаць санкцыі супраць арганізатараў гібрыднай атакі ў Беларусі. Пра гэта піша BNS.
Як паведаміла Міністэрства ўнутраных справаў Літвы, міністар заклікаў сябра Эўрапейскай камісіі Магнуса Брунэра падтрымаць новы пакет санкцыяў супраць службовых асобаў і ведамстваў Беларусі, адказных за «гібрыдную апэрацыю» запускаў паветраных балёнаў з кантрабандай у Літву, што стварае перашкоды для грамадзян.
У лісьце нагадваецца, што Літва чакае заканатворчай прапановы Эўрапейскага Зьвязу аб пераглядзе мандату агенцтва Frontex. Паводле Кандратовіча, трэба стварыць умовы, каб Frontex мог больш эфэктыўна дапамагаць дзяржавам-сябрам у кіраваньні гібрыднымі пагрозамі, даць агенцтву новыя інавацыйныя інструмэнты, прыстасаваныя да зьменлівых акалічнасьцяў у галіне бясьпекі.
Кандратовіч таксама падкрэсьліў патрэбу стварыць інструмэнты рэагаваньня Эўразьвязу для разьвязаньня гэтай праблемы.
Міністар заклікае ЭЗ неадкладна прыняць захады ў сувязі з нядаўняй актывізацыяй гібрыдных атак зь Беларусі, якія суправаджаюцца сыстэматычным парушэньнем паветранай прасторы Літвы. Кандратовіч адзначае, што гібрыдная атака на Літву і, адпаведна, на тэрыторыю ЭЗ адбываецца з 2020 году.
Паводле зьвестак МУС Літвы, сёлета ў паветраную прастору дзяржавы праніклі 599 кантрабандавых паветраных балёнаў і 197 бесьпілётнікаў. Гэтыя атакі парушылі 320 рэйсаў, закранулі 47 тысяч пасажыраў і прывялі да амаль 60-гадзіннага закрыцьця аэрапортаў краіны. Палёты паветраных балёнаў зь Беларусі ўжо некалькі разоў спынялі працу Віленскага і Ковенскага лётнішчаў у апошнія месяцы.
Пасьля таго як Вільня на некалькі тыдняў абмежавала дзейнасьць памежных пераходаў зь Беларусьсю, а Менск адмовіўся выпускаць у Літву грузавыя аўтамабілі, зарэгістраваныя ў краіне.
Закрыцьцё пераходаў на мяжы Літвы і Беларусі
- 8 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (з боку Беларусі Лоша) і Цьверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягвалі працаваць два памежныя пераходы — Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі).
- Урад Літвы 27 кастрычніка 2025 году зусім закрыў мяжу зь Беларусьсю на месяц пасьля таго, як некалькі разоў вымушана прыпынялася праца аэрапортаў у Вільні і Коўне з прычыны зьяўленьня паблізу іх аэрастатаў, якія ляцелі зь Беларусі, несучы цыгарэты.
- Улады Беларусі ў адказ 31 кастрычніка забаранілі літоўскім грузавікам выяжджаць цераз польскую і латвійскую мяжу.
- 10 лістапада на загад Аляксандра Лукашэнкі ўсе літоўскія фуры, якія знаходзяцца ў Беларусі, сабралі на адмысловых пляцоўках і ўзялі пад ахову з выстаўленьнем рахункаў — 120 эўра на содні. Паводле Лукашэнкі, фураў было больш за 1100.
- 10 лістапада Вільня зьвярнулася да Менску з просьбай дазволіць выезд грузавікоў сваіх кампаніяў у Літву. Менск адмовіў.
- Вільня марна спрабавала вярнуць транспарт шляхам кантактаў на ведамасным узроўні. Беларусь прапанавала Літве або скасаваць рашэньне аб закрыцьці мяжы, або выйсьці на палітычна-дыпляматычнае разьвязаньне праблемы.
- 19 лістапада ўрад Літвы вырашыў, што закрытыя ў кастрычніку два пункты пропуску на мяжы Літвы і Беларусі Меднікі і Салечнікі адкрыюцца з 20 лістапада. Перад гэтым прэмʼер-міністарка Інга Ругінене заявіла, што апошнім часам паветраных балёнаў з кантрабандавымі цыгарэтамі стала меней.
- Аднак пасьля таго як урад Літвы зноў адкрыў мяжу, Віленскі аэрапорт зноў некалькі разоў закрывалі з прычыны аэрастатаў зь Беларусі, а літоўскім фурам па-ранейшаму не даюць выехаць у Літву. Беларускі бок патрабуе ад Вільні пачатку палітычных перамоваў.
Форум