Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паляўнічы незаконна застрэліў медзьведзяня, яго пакаралі двума гадамі ўмоўна


Дзяніс Клімец забіў першага мядзьведзя ў Беларусі пасьля зьмены заканадаўства. Віцебскі раён, 18 ліпеня 2025 году. Фота Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў
Дзяніс Клімец забіў першага мядзьведзя ў Беларусі пасьля зьмены заканадаўства. Віцебскі раён, 18 ліпеня 2025 году. Фота Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў

Зь ліпеня 2025 году ў Беларусі дазволена адстрэльваць мядзьведзяў з платнай ліцэнзіяй.

Два гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на два гады і штраф атрымаў браканьер, які незаконна застрэліў медзьведзяня. Гэта адбылося ў пачатку году ў Бешанкавіцкім раёне Віцебскай вобласьці.

Пра прысуд 29-гадоваму паляўнічаму паведамілі ў Дзяржаўным камітэце судовых экспэртызаў (ДКСЭ). Пішуць, што для адстрэлу бурага мядзьведзя мужчына ня меў адпаведнай ліцэнзіі.

У траўні 2025 года жыхарка Бешанкавіцкага раёну знайшла на ўзбочыне дарогі тушу медзьведзяняці і паведаміла пра гэта ў інспэкцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя. На месца выехала сьледча-апэратыўная група. Пазьней у тушы экспэрты знайшлі кулю, была заведзеная крымінальная справа па факце забойства дзікай жывёліны, якая знаходзіцца ў Чырвонай кнізе. Экспэртыза высьветліла, што знойдзенай куляй калібру 7,62 мм у мядзьведзя пацэліў жыхар Віцебску, віну ў забойстве бурага мядзьведзя ён прызнаў.

Браканьер асуджаны на два гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай выкананьня пакараньня на два гады,— паведамілі ў ДКСЭ. Таксама суд прызначыў яму штраф у 300 базавых велічыняў (12,6 тысячы рублёў), яго пазбавілі права паляваць на пяць гадоў, сканфіскавалі паляўнічы карабін і цеплавізарны прыцэл.

Адстрэл мядзьведзяў у Беларусі дазволены зь ліпеня 2025 году паводле ліцэнзіі і пакуль толькі на тэрыторыі Віцебскай і некаторых раёнаў Менскай вобласьцяў, бо на іншых тэрыторыях папуляцыя мядзьведзя яшчэ дастаткова не аднавілася.

Першы буры мядзьведзь быў забіты на афіцыйна дазволеным у Беларусі паляваньні ў Віцебскай паляўнічай гаспадарцы 15 ліпеня 2025 году.

Паводле інфармацыі Белстату, якую прыводзіла DW, у 2019 годзе папуляцыя мядзьведзя ў Беларусі ацэньвалася прыкладна ў 19 асобінаў, у 2020-м — каля 42, а ў 2021-м — ужо 580 мядзьведзяў.

Легальны адстрэл мядзьведзяў у Беларусі

У Беларусі панізілі прыродаахоўны статус мядзьведзя і дазволілі паляваць на яго з 1 ліпеня па 31 сьнежня. У сярэдзіне ліпеня ўпалявалі першага мядзьведзя, а ў верасьні паведамілі аб 10 упаляваных жывёлінах.

Улады Беларусі дазвол апраўдваюць тым, што апошнімі гадамі вырасла колькасьць гэтых дзікіх жывёлаў. І мядзьведзі, застаючыся ў Чырвонай кнізе Беларусі, цяпер адначасова ўпісаныя ў пералік нармаваных паляўнічых жывёлаў.

Як паведамілі ў Беларускім таварыстве паляўнічых і рыбакоў, грамадзянін Беларусі павінен заплаціць за дазвол паляваць 6 тысяч рублёў, а грамадзяне краін ЭАЭС (у Эўразійскі эканамічны саюз уваходзяць Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан і Расея. — РС) — 10 000 рублёў.

Сёлета паляваньне на мядзьведзя завяршаецца 31 сьнежня. Наступны паляўнічы сэзон адкрыецца 1 ліпеня 2026 году.

У Беларускім таварыстве паляўнічых і рыбакоў раней паведамлялі, што сёлета для адстрэлу заплянавалі каля 20 асобін мядзьведзя і столькі ж дазволаў прададуць праз аўкцыён. Да ўдзелу ў атрыманьні права паляваць на мядзьведзя дапускаюць паляўнічых з стажам, большым за тры гады.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG