Віленскі аэрапорт а 18:09 у нядзелю, 30 лістапада заявіў пра часовае закрыцьцё з прычыны мэтэазондаў, якія зноў заўважылі ў паветранай прасторы каля ўзьлётных палосаў.
Спачатку дырэкцыя аэрапорту паведаміла, што рэйсы адкладаюцца да 21:00, затым да 23:00. Аднак і тады аэрапорт не аднавіў працы. Толькі а 5-й гадзіне раніцы праца была дазволеная, паведаміў аэрапорт на сваёй старонцы.
Больш за 7400 пасажыраў і 50 рэйсаў пацярпелі ад гэтых часовых абмежаваньняў паветранай прасторы: 31 рэйс быў скасаваны, 10 перанакіраваныя і 9 затрыманыя.
Дырэктар кампаніі «Oro navigacija» Саўлюс Батавічус у этэры Радыё LRT заявіў, што гэта сыстэмная атака супраць цывільнай авіяцыі.
«Балёны запускаліся праз пэўныя прамежкі часу, каб увесь час хаця б некалькі зь іх знаходзіліся ў крытычна важных для руху ў Віленскім аэрапорце месцах. Мы маглі толькі бясьсільна назіраць за тым, як гэтыя балёны вісяць, і не маглі аднавіць рух у аэрапорце», — кажа Батавічус.
Папярэдні раз Віленскі аэрапорт закрываўся зь вечару пятніцы, 28 лістапада, да ранку суботы, 29 лістапада.
Закрывалася лётнішча і 26 лістапада, але тады прычынай былі не паветраныя балёны з кантрабандай зь Беларусі, а самалёт, які выехаў з дарожкі руляваньня з прычыны непагадзі. Тады аэрапорт закрывалі амаль на восем гадзін.
У ноч з 23 на 24 лістапада праца аэрапорту прыпынялася праз мэтэазонды двойчы. Тады скасавалі пяць рэйсаў. Тады ж беларускія мэтэазонды ўпершыню знайшлі ў суседняй Латвіі.
Закрыцьцё пераходаў на мяжы Літвы і Беларусі
- 8 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (з боку Беларусі Лоша) і Цьверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягвалі працаваць два памежныя пераходы — Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі).
- Урад Літвы 27 кастрычніка 2025 году зусім закрыў мяжу зь Беларусьсю на месяц пасьля таго, як некалькі разоў вымушана прыпынялася праца аэрапортаў у Вільні і Коўне з прычыны зьяўленьня паблізу іх аэрастатаў, якія ляцелі зь Беларусі, несучы цыгарэты.
- Улады Беларусі ў адказ 31 кастрычніка забаранілі літоўскім грузавікам выяжджаць цераз польскую і латвійскую мяжу.
- 10 лістапада на загад Аляксандра Лукашэнкі ўсе літоўскія фуры, якія знаходзяцца ў Беларусі, сабралі на адмысловых пляцоўках і ўзялі пад ахову з выстаўленьнем рахункаў — 120 эўра на содні. Паводле Лукашэнкі, фураў было больш за 1100.
- 10 лістапада Вільня зьвярнулася да Менску з просьбай дазволіць выезд грузавікоў сваіх кампаніяў у Літву. Менск адмовіў.
- Вільня марна спрабавала вярнуць транспарт шляхам кантактаў на ведамасным узроўні. Беларусь прапанавала Літве або скасаваць рашэньне аб закрыцьці мяжы, або выйсьці на палітычна-дыпляматычнае разьвязаньне праблемы.
- 19 лістапада ўрад Літвы вырашыў, што закрытыя ў кастрычніку два пункты пропуску на мяжы Літвы і Беларусі Меднікі і Салечнікі адкрыюцца з 20 лістапада. Перад гэтым прэмʼер-міністарка Інга Ругінене заявіла, што апошнім часам паветраных балёнаў з кантрабандавымі цыгарэтамі стала меней.
- Аднак пасьля таго як урад Літвы зноў адкрыў мяжу, Віленскі аэрапорт зноў некалькі разоў закрывалі з прычыны аэрастатаў зь Беларусі, а літоўскім фурам па-ранейшаму не даюць выехаць у Літву. Беларускі бок патрабуе ад Вільні пачатку палітычных перамоваў.
Форум