Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва зьбірае інфармацыю для звароту ў Міжнародны суд ААН празь небясьпеку для авіяцыі з боку Беларусі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Літве тры ведамствы — Міністэрства юстыцыі, Міністэрства транспарту і камунікацыяў, а таксама Міністэрства замежных справаў — будуць зьбіраць інфармацыю для магчымага звароту ў Міжнародны суд ААН праз шкоду і пагрозы цывільнай авіяцыі з боку Беларусі і запуску кантрабандных паветраных балёнаў.

Як паведаміла выданьне «Позірк» з спасылкай на LRT, прэм’ерка Літвы Інга Ругінене пасьля пасяджэньня Камісіі нацыянальнай бясьпекі заявіла, што Міністэрства транспарту і камунікацыяў ужо накіравала зварот у сувязі зь перашкодамі палётам у Міжнародную арганізацыю цывільнай авіяцыі (ICAO).

Адначасова МЗС, паводле Ругінене, працуе над дадатковым пакетам санкцыяў для Беларусі.

Прэм’ерка таксама зьняпраўдзіла інфармацыю, якую распаўсюджваюць перавозьнікі, што ў Беларусі затрымалася каля 5 тысяч літоўскіх грузавікоў. Яна заявіла, што ідзецца толькі пра прыблізна 280 машын, але не назвала крыніцу інфармацыі.

«Неабходна разумець, што кампаніі, якія дэкляруюць гэтыя грузавікі, належаць як беларускаму, так і літоўскаму капіталу. І гэтая колькасьць адрозьніваецца ад той, пра якую мы казалі раней. Пра 5 тысяч нават гаворкі не ідзе, бо фізычна такой колькасьці быць ня можа», — патлумачыла Інга Ругінене.

Паводле інфармацыі Lietuvos Rytas, прэм’ерка таксама паведаміла, што «разам з Дэпартамэнтам мытні знойдзена рашэньне, якое дазволіць літоўскім кампаніям забраць паўпрычэпы грузавікоў, што засталіся ў Беларусі, і такім чынам паменшыць страты». Аднак, паводле Ругінене, хоць вяртаньне паўпрычэпаў становіцца магчымым, самі цягачы ўлады Беларусі па-ранейшаму не выпускаюць.

Як адзначыла кіраўніца ўраду, на пасяджэньні камісіі таксама гаварылі аб патрэбе рыхтавацца да новых магчымых пагрозаў.

«Найперш Міністэрства абароны разам з войскам павінна падрыхтаваць стратэгічны плян, які падасьць мне праз тыдзень. У ім павінны быць расстаўленыя прыярытэты — што і як, на думку міністэрства, трэба рабіць тут і цяпер, рэагуючы на ўсё большыя пагрозы. Супрацьпаветраная абарона ёсьць адным з найважнейшых прыярытэтаў, і, імаверна, тое, што мы плянавалі пяць гадоў таму ці раней, трэба перагледзець», — сказала Ругінене.

Паводле яе, на наступным тыдні Міністэрства эканомікі і інавацыяў прэзэнтуе вынікі конкурсу, у якім 35 удзельнікаў прапанавалі ідэі разьвязаньня праблемы кантрабандных балёнаў. Ругінене адзначыла, што шэсьць пададзеных прапаноў «выглядаюць цалкам рэальнымі і цікавымі».

З заяваў Ругінене незразумела, ці разглядалі на пасяджэньні Камісіі нацыянальнай бясьпекі Літвы магчымасьць паўторна закрыць мяжу з Беларусьсю ў сувязі з новымі прылётамі мэтэазондаў з кантрабанднымі тытунёвымі вырабамі.

Напярэдадні пасяджэньня Ругінене заяўляла, што ў той час, як Літве ўсё яшчэ пагражаюць запушчаныя зь Беларусі мэтэазонды, Латвія і Польшча гатовыя пры патрэбе абмеркаваць скаардынаванае закрыцьцё сваіх межаў зь Беларусьсю.

Закрыцьцё пераходаў на мяжы Літвы і Беларусі

  • 8 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (з боку Беларусі Лоша) і Цьверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягвалі працаваць два памежныя пераходы — Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі).
  • Урад Літвы 27 кастрычніка 2025 году зусім закрыў мяжу зь Беларусьсю на месяц пасьля таго, як некалькі разоў вымушана прыпынялася праца аэрапортаў у Вільні і Коўне з прычыны зьяўленьня паблізу іх аэрастатаў, якія ляцелі зь Беларусі, несучы цыгарэты.
  • Улады Беларусі ў адказ 31 кастрычніка забаранілі літоўскім грузавікам выяжджаць цераз польскую і латвійскую мяжу.
  • 10 лістапада на загад Аляксандра Лукашэнкі ўсе літоўскія фуры, якія знаходзяцца ў Беларусі, сабралі на адмысловых пляцоўках і ўзялі пад ахову з выстаўленьнем рахункаў — 120 эўра на содні. Паводле Лукашэнкі, фураў было больш за 1100.
  • 10 лістапада Вільня зьвярнулася да Менску з просьбай дазволіць выезд грузавікоў сваіх кампаніяў у Літву. Менск адмовіў.
  • Вільня марна спрабавала вярнуць транспарт шляхам кантактаў на ведамасным узроўні. Беларусь прапанавала Літве або скасаваць рашэньне аб закрыцьці мяжы, або выйсьці на палітычна-дыпляматычнае разьвязаньне праблемы.
  • 19 лістапада ўрад Літвы вырашыў, што закрытыя ў кастрычніку два пункты пропуску на мяжы Літвы і Беларусі Меднікі і Салечнікі адкрыюцца з 20 лістапада. Перад гэтым прэмʼер-міністарка Інга Ругінене заявіла, што апошнім часам паветраных балёнаў з кантрабандавымі цыгарэтамі стала меней.
  • Аднак пасьля таго як урад Літвы зноў адкрыў мяжу, Віленскі аэрапорт зноў некалькі разоў закрывалі з прычыны аэрастатаў зь Беларусі, а літоўскім фурам па-ранейшаму не даюць выехаць у Літву. Беларускі бок патрабуе ад Вільні пачатку палітычных перамоваў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG