Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Народ жа ні пры чым». Што казалі першыя падарожнікі пасьля адкрыцьця літоўска-беларускай мяжы. ВІДЭА


Адчыняюць вароты на літоўскай мяжы ў Салечніках. Стоп-кадар зь відэа Памежнага камітэту Беларусі
Адчыняюць вароты на літоўскай мяжы ў Салечніках. Стоп-кадар зь відэа Памежнага камітэту Беларусі

Падарожнікі лічаць, што з суседзямі трэба сябраваць, а не канфліктаваць, і што трэба дамаўляцца. Беларусы адзначалі, што заўсёды жылі ў міры, працавалі разам і мелі шмат кантактаў зь літоўцамі. Рэпартаж Свабоды.

20 лістапада Літва адкрыла два памежныя пераходы, закрытыя 29 кастрычніка.

Прычынай закрыцьця сталі масавыя прылёты ў Літву з боку Беларусі паветраных балёнаў з кантрабандай.

Людзі, якія жывуць на дзьве краіны і маюць нерухомасьць у Літве, выказалі радасьць з нагоды адкрыцьця, бо апошнім часам перасоўвацца было вельмі складана. Адзін з апытаных падкрэсьліў, што «народ жа ні пры чым».

На пытаньне, хто ж вінаваты ў закрыцьці межаў, людзі выказвалі розныя думкі.

Адзін з падарожнікаў сказаў, што, імаверна, была «нейкая ўказка», адпаведна якой дзейнічаў літоўскі ўрад. Што закрыцьцё шкодзіць ня толькі Літве і Беларусі, але і простым людзям. Іншыя не захацелі адказваць, спасылаючыся на тое, што яны «не палітыкі».

Падарожнікі лічаць, што з суседзямі трэба сябраваць, а не канфліктаваць, і што трэба дамаўляцца. Людзі адзначалі, што заўсёды жылі ў міры, працавалі разам і мелі шмат кантактаў зь літоўцамі.

Паводле літоўскага ўраду, абмежаваньні на мяжы зьнялі пасьля таго, як зьнікла рызыка ад балёнаў з кантрабандай — іх колькасьць значна зьменшылася.

Закрыцьцё пераходаў на мяжы Літвы і Беларусі

  • 8 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (з боку Беларусі Лоша) і Цьверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягвалі працаваць два памежныя пераходы — Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі).
  • Урад Літвы 27 кастрычніка 2025 году зусім закрыў мяжу зь Беларусьсю на месяц пасьля таго, як некалькі разоў вымушана прыпынялася праца аэрапортаў у Вільні і Коўне з прычыны зьяўленьня паблізу іх аэрастатаў, якія ляцелі зь Беларусі, несучы цыгарэты.
  • Улады Беларусі ў адказ 31 кастрычніка забаранілі літоўскім грузавікам выяжджаць цераз польскую і латвійскую мяжу.
  • 10 лістапада на загад Аляксандра Лукашэнкі ўсе літоўскія фуры, якія знаходзяцца ў Беларусі, сабралі на адмысловых пляцоўках і ўзялі пад ахову з выстаўленьнем рахункаў — 120 эўра на содні. Паводле Лукашэнкі, фураў было больш за 1100.
  • 10 лістапада Вільня зьвярнулася да Менску з просьбай дазволіць выезд грузавікоў сваіх кампаніяў у Літву. Менск адмовіў.
  • Вільня марна спрабавала вярнуць транспарт шляхам кантактаў на ведамасным узроўні. Беларусь прапанавала Літве або скасаваць рашэньне аб закрыцьці мяжы, або выйсьці на палітычна-дыпляматычнае разьвязаньне праблемы.
  • 19 лістапада ўрад Літвы вырашыў, што закрытыя ў кастрычніку два пункты пропуску на мяжы Літвы і Беларусі Меднікі і Салечнікі адкрыюцца з 20 лістапада. Перад гэтым прэмʼер-міністарка Інга Ругінене заявіла, што апошнім часам паветраных балёнаў з кантрабандавымі цыгарэтамі стала меней.
  • Аднак пасьля таго як урад Літвы зноў адкрыў мяжу, Віленскі аэрапорт зноў некалькі разоў закрывалі з прычыны аэрастатаў зь Беларусі, а літоўскім фурам па-ранейшаму не даюць выехаць у Літву. Беларускі бок патрабуе ад Вільні пачатку палітычных перамоваў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG