Мастацкі фільм «Пад шэрым небам» рэжысэркі Мары Тамковіч зьявіўся на шэрагу онлайн-пляцовак, у тым ліку HBO Max, Canal+, Polsat Box і іншых, паведаміў Белсат.
Прэм’ера фільму адбылася ў чэрвені 2024 году на кінафэстывалі Tribeca ў Нью-Ёрку. Раней фільм паказвалі толькі на фэстывалях і абмежавана ў некаторых кінатэатрах за межамі Беларусі. Цяпер яго можна паглядзець онлайн.
Фільм «Пад шэрым небам» заснаваны на рэальных падзеях. Ён апавядае гісторыю журналісткі «Белсату» Кацярыны Андрэевай і яе мужа Ігара Ільяша. Яны застаюцца палітычнымі зьняволенымі ў Беларусі. Фільм пра іх не дакумэнтальны, але грунтуецца на сапраўднай гісторыі, у тым ліку на размовах рэжысэркі з Ільяшом і з затрыманай разам з Кацярынаю журналісткай Дар’яй Чульцовай.
Фільм перамог на фэстывалі «Паўночнае зьзяньне» ў 2024 годзе, Мара Тамковіч атрымала прэмію за найлепшы дэбют на 49-м Фэстывалі польскіх мастацкіх фільмаў у Гдыні. Цяпер фільм намінавалі на «Эўрапейскае адкрыцьцё году» Эўрапейскай кінапрэміі. Вызначаць пераможцаў да 17 студзеня 2026 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Каці й Ігара будзе чацьвёра дзяцей, я ведаю іх імёны». Беларуская рэжысэрка — пра свой фільм, яго пракатны лёс і новыя праекты ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фільм «Пад шэрым небам» Мары Тамковіч пакажуць 9 чэрвеня ва ўсіх кінатэатрах Helios у Польшчы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фільм пра зьняволеных журналістак «Белсату» атрымаў узнагароду на Чыкагскім міжнародным кінафэстывалі