Урад Беларусі спыніў рэгуляваньне цэнаў на соль, воцат, соду, а ўвёў — на агуркі й памідоры

У менскай краме. Архіўнае фота

Вытворцы агуркоў і памідораў цяпер маюць права павышаць цэны ня больш чым на 0,3% у месяц.

Прэм’ер Аляксандар Турчын падпісаў адпаведную пастанову, пра што паведамілі на ўрадавым тэлеграм-канале. Самой пастановы пакуль няма ў агульным доступе.

Згодна з інфармацыяй ураду, вытворцы агуркоў і памідораў маюць права павышаць цэны на іх ня больш чым на 0,3% у месяц. Пастанова тычыцца толькі айчынных агуркоў і памідораў.

Шэраг пазыцыяў выдалены зь сьпісу тавараў, цэны на якія рэгулюе ўрад. Сьпіс скарочаны з 211 да 199 пазыцыяў.

«Гэта пазыцыі нештодзённага попыту або штодзённага, але якія не аказваюць уплыву на зьмены цэнаў у краіне», — заявіла БелТА намесьніца начальніка аналітычнага ўпраўленьня Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Анастасія Касымава.

Паводле яе, зь пераліку выключаныя гумовы абутак, соль, воцат, сода. Але пастанова закранае і адчувальныя для насельніцтва пазыцыі. Карэктуецца пералік таварных пазыцыяў з рэгуляванымі цэнамі. Зь яго выкрэсьліваюць сокавую прадукцыю, марожаную рыбу і канцылярскія тавары. Павялічваюцца максымальныя гандлёвыя надбаўкі на дзіцячыя цацкі і лінолеум.

Таксама скасоўваюць абавязак узгадняць рэалізацыю спажывецкіх тавараў, вырабленых на тэрыторыі Беларусі, за межамі краіны. Гэтая працэдура стварала праблемы для экспарту тавараў, асабліва для малога і сярэдняга бізнэсу, паведаміла Касымава.

  • Улады Беларусі заяўляюць, што стрымліваюць цэны, каб утрымаць інфляцыю, але ў выніку рэгуляваньня цэнаў вытворцы і гандаль нясуць страты, некаторыя прадпрыемствы робяцца стратнымі, банкрутуюць.
  • Тады ўрад выдаляе нейкія пазыцыі зь сьпісу тавараў з рэгуляванымі цэнамі, у выніку цэны на гэтыя тавары рэзка ўзрастаюць, бо вытворцы і гандаль хочуць кампэнсаваць папярэднія страты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як «зьнішчаная» Літва пераўзыходзіць «квітнеючую» Беларусь у сацыяльна-эканамічным разьвіцьці. Інфаграфіка
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі расьце інфляцыя. Што ў кастрычніку падаражэла найбольш