Як сказана ў апублікаванай на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі пастанове ведамства, рашэньне ўхвалілі «ў сувязі з стратай каштоўнага прыроднага аб’екту, у мэтах захаваньня якога ён [няясна: магчыма, пад «ён» маецца на ўвазе статус помніка. —РС] аб’яўляўся».
Культавы валун абвясьцілі геалягічным помнікам прыроды рэспубліканскага значэньня ў 2007 годзе. Ён быў даўжынёй 2 мэтры, вышынёй 1,35 мэтра і шырынёй 1,7 мэтра, стаяў на вуліцы Валынца каля мясцовай мэблевай фабрыкі.
Якім чынам дзяржава страціла гэты геалягічны помнік, не паведамляюць. У раённай газэце за апошні час няма ніводнага паведамленьня, зь якога вынікала б, што валун быў разьбіты або зьнішчаны вандаламі.
На Telegram-канале «Спадчына», які піша пра гістарычныя каштоўнасьці, паведамілі, што валун на пачатку кастрычніка яшчэ быў на месцы.
«Нават калі б разьбілі ў пачатку кастрычніка, ведаючы тэмпы беларускай бюракратыі, адрэагавалі б, мабыць, толькі ў наступным годзе. Камусьці замінаў? Адкуль такая хуткасьць?» — адзначаецца ў паведамленьні каналу.
На тэрыторыі Беларусі выявілі больш за 500 валуноў з старажытнымі рукатворнымі паглыбленьнямі, якія лічацца культавымі. Арэал пашырэньня такіх камянёў вельмі вялікі, ён абыймае ня толькі краіны Ўсходняй, Цэнтральнай і Заходняй Эўропы (Беларусь, Польшча, Літва, Латвія, Эстонія, Ангельшчына, Нямеччына, Францыя), але і краіны ўзьбярэжжа Міжземнага мора і Паўночнай Афрыкі.
Валун, што знаходзіўся ў Вялейцы, у 1997 годзе знайшлі каля вёскі Вуткі мясцовы краязнаўца Аляксандар Зайцаў і дасьледчык Валер Вінакураў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Валуны, хвартухі, чалавечыя органы. Топ-8 незвычайных музэяў Беларусі