Яму пагражае да 20 гадоў турмы па абвінавачаньні ў замаху на забойства з нацыянальным матывам, пішуць чэскія мэдыя.
Так паліцыя і пракуратура тлумачылі інцыдэнт, які адбыўся ў сакавіку 2025 года ў Празе. Паводле вэрсіі сьледзтва, Зэманэк тады п’яны ішоў па вуліцы, калі ўбачыў каля прадуктовай крамы двух мужчын — украінца і беларуса, якія размаўлялі па-расейску.
Абвінавачаны палічыў, што гэта ўкраінская мова, і пачаў абражаць незнаёмцаў, плюнуўшы ў аднаго зь іх.
Прыяцелі спыталі ў яго, ці ён нацыяналіст, ці расіст. У адказ на гэта Зэманэк пачаў ускідваць руку ў нацысцкім прывітаньні і крычаць Sieg Heil і Heil Hitler, паведамляе чэскі партал Novinky.
Пасьля ён двойчы ўдарыў беларуса і з словамі: «Так, я вас забʼю. Зараз пайду вазьму нож і пісталет», — накіраваўся ў свой пакой у інтэрнаце.
Іншаземцы перайшлі на найбліжэйшую чыгуначную станцыю Praha-Radotín і стаялі на плятформе ў чаканьні цягніка. Зэманэк знайшоў іх і працягнуў крыкі. Пазьней ён ударыў нагой аднаго мужчыну, а затым пачаў біць кулакамі другога, выцягнуў складны нож і ўторкнуў яго беларусу ў грудзі на 10 сантымэтраў. Жыцьцё пацярпеламу выратавала апэратыўная дастаўка ў шпіталь і тэрміновая апэрацыя.
Падчас першага судовага паседжаньня абвінавачаны прызнаў факт нападу, але адпрэчыў нацыянальны матыў. Паводле яго, у той вечар ён вяртаўся з футбольнага матчу і моцна выпіў (каля 10 кубкаў піва і бутэльку моцнага алькаголю), таму амаль нічога не памятае.
«Мне шкада, што ўсе мы апынуліся тут. Мне шкада, што гэта адбылося. Я адчуваю сябе вінаватым, але ня згодны з праўнай кваліфікацыяй», — сказаў Зэманэк.
Ён запярэчыў таму, што напаў на незнаёмцаў, бо яны іншаземцы, а спускавым мэханізмам канфлікту сталі ўзаемныя абразы.
Адвакат падсуднага дапоўніў гэта заявай, што інцыдэнт ня быў замахам на забойства з папярэднім яго абдумваньнем ці з нацыянальнай або этнічнай матывацыяй.
«Мой кліент ніколі ня меў праблемаў з законам з расавых ці этнічных прычынаў. У яго мноства знаёмых і калегаў сярод іншаземцаў, у тым ліку ўкраінцаў», — заявіў абаронца.
Зэманэк прызнаўся, што раней уваходзіў у групоўку фанатаў праскага футбольнага клюбу Sparta, але катэгарычна адпрэчыў, што мае дачыненьне да фашысцкага ці нацысцкага руху.
Акрамя замаху на забойства, Зэманэка абвінавачваюць яшчэ паводле двух артыкулаў — хуліганства і выказваньне сымпатыі да руху, накіраванага на ўціск правоў і свабодаў чалавека.
Ён раскаяўся ў зробленым і адправіў ліст з прабачэньнямі пацярпеламу. Той у якасьці кампэнсацыі за прычыненую шкоду патрабуе 340 тысяч чэскіх корун.
Галоўнае паседжаньне ў справе адбудзецца на наступным тыдні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Напад з нажом у прадмесьці аўстралійскага Сыднэю, 6 чалавек загінулі