Самалёт з 412 пасажырамі на борце загарэўся адразу пасьля вылету з маскоўскага аэрапорту

Самалёт на ўзьлёце з аэрапорту Дамадзедава, архіўнае фота

Рэйс ляцеў у Тайлянд. Загарэўся рухавік.

Пасажырскі Boeing 777 кампаніі Redwings, які выконваў рэйс Масква — Пхукет, загарэўся ў небе недалёка ад сталіцы Расеі, паведамляюць ТАСС і блізкія да сілавікоў тэлеграм-каналы 112, Mash і Baza. Узгараньне патушылі, а пілёты расходавалі паліва, пасьля чаго прызямліліся.

Паводле папярэдняй інфармацыі, у самалёце адбылося ўзгараньне левага рухавіка. На борце знаходзіліся 412 пасажыраў і 13 чальцоў экіпажу, удакладніў канал 112.

Як піша Mash, «Боінг» вылецеў з Дамадзедава ў 21:19 маскоўскага часу, хоць паводле раскладу меў узьляцець а 20:55. Паводле зьвестак Baza, узгараньне адбылося ў 21:23, гэта значыць праз чатыры хвіліны пасьля ўзьлёту.

Boeing 777-21H выпушчаны ў красавіку 1997 году на заводзе Boeing Everett у ЗША. У Расеі ў эксплюатацыі з 2018 году, з 2021 году знаходзіцца ў валоданьні кампаніі Redwings.

Самалёт рэгулярна выконваў палёты ў Эгіпет, на Шры-Лянку, у Тайлянд і Турэчччыну. Апошні рэйс зьдзейсьніў 1 сьнежня маршрутам Екацерынбург — Пхукет — Дамадзедава.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віленскі аэрапорт увечары 3 сьнежня і ў ноч на 4 сьнежня закрываўся тройчы