Лукашэнка з Альжыру зноў накіраваўся ў Аман, не заяжджаючы ў Менск

Аляксандар Лукашэнка і султан Аману Хайтам бін Тарык аль-Саід. Архіўнае фота

Аляксандр Лукашэнка, які прыбыў з Аману ў Альжыр 2 сьнежня, зноў вяртаецца ў сталіцу Аману Маскат.

Там у яго «бліжэйшымі днямі заплянаваны шэраг непублічных сустрэчаў для абмеркаваньня ў практычным аспэкце найважнейшых праектаў з комплексу двухбаковай супрацы Беларусі і Аману». Пра гэта паведаміў неафіцыйны тэлеграм-канал прэс-службы Лукашэнкі.

Сьцьвярджаецца, што гэта — «праца ў разьвіцьцё перамоваў на найвышэйшым узроўні, якія прайшлі ў панядзелак». На 6 сьнежня заплянаваная яшчэ адна сустрэча з султанам Аману, якая «падсумуе ўсе праведзеныя перамовы».

Лукашэнка прыбыў у Аман увечары 28 лістапада, аднак на публіцы зьявіўся толькі на кароткі час 1 сьнежня — перад закрытымі перамовамі з султанам Хайтамам бін Тарыкам аль-Саідам.

2 сьнежня ён зьехаў з Аману ў Альжыр.

Аб сваёй дамоўленасьці з прэзыдэнтам Альжыру Абдэльмаджыдам Тэбунам давесьці тавараабарот Беларусі з гэтай краінай да 500 млн даляраў заявіў пасьля перамоваў зь ім Лукашэнка.

Сустрэчы з кіраўнікамі абедзьвюх дзяржаваў фактычна мелі закрыты характар. Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня Павал Латушка ахарактарызаваў паездку Лукашэнкі ў Аман не як рабочую, як было заяўлена беларускім бокам, а як прыватны візыт.

На перамовах Лукашэнкі і ягоных сыноў Віктара і Мікалая з султанам гэтай дзяржавы не было дзяржаўных сьцягоў дзьвюх краін, адзначыў палітык на сваім ютуб-канале.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калі дзяржаўныя інтарэсы губляюцца ў сямейных: што хаваецца за паўднёвым ваяжам Лукашэнкі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пачаў перамовы з султанам Аману на чацьвёрты дзень знаходжаньня ў гэтай краіне