Пра гэта паведаміла агенцтва AFP з Брусэлю. Былая кіраўніца замежнай палітыкі ЭЗ Фэдэрыка Магерыні была абвінавачаная разам зь дзьвюма іншымі асобамі ў рамках расьсьледаваньня «махлярства і карупцыі» ў сувязі з кантрактамі на падрыхтоўку будучых эўрапейскіх дыпляматаў.
«Тры асобы былі афіцыйна апавешчаныя аб абвінавачаньнях супраць іх, — гаворыцца ў заяве Эўрапейскай пракуратуры (EPPO), выпушчанай у сераду, празь дзень пасьля іх затрыманьня ў Брусэлі. —Абвінавачаньні тычацца махлярства ў закупках і карупцыі, канфлікту інтарэсаў і парушэньня прафэсійнай таямніцы».
«Іх вызвалілі, бо ня лічыцца, што яны могуць уцячы», — дадалі ў пракуратуры.
Раніцай 2 сьнежня бэльгійская паліцыя правяла ператрусы ў дыпляматычнай службе ЭЗ у Брусэлі, у Каледжы Эўропы ў Бруге і некалькіх прыватных дамах.
Магерыні з 2020 году займае пасаду рэктара Каледжу Эўропы — вышэйшай школы ЭЗ для дыпляматаў і дзяржаўных службоўцаў. Euractiv з спасылкай на чатыры крыніцы, знаёмыя з расьсьледаваньнем, піша, што ідзецца пра абставіны набыцьця каледжам будынку ў Бруге за 3,2 млн эўра праз тэндэр.
Сьледчыя лічаць, што Каледж Эўропы і ягоныя прадстаўнікі мелі доступ да інфармацыі пра тэндэр, якая мела заставацца канфідэнцыйнай дзеля сумленнай канкурэнцыі паміж установамі, якія прэтэндуюць на разьмяшчэньне новай Дыпляматычнай акадэміі Эўразьвязу.
Фэдэрыка Магерыні у 2014 годзе займала пасаду кіраўніка МЗС Італіі. У 2014–2019 гадах была Высокай прадстаўніцай Эўрапейскага Зьвязу ў замежных справах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Бэльгіі затрымалі экс-кіраўніцу эўрадыпляматыі Фэдэрыку Магерыні