Разам з Абсэрваторыяй абароны праваабаронцаў яны заклікалі ўсе дзяржавы сьвету канкрэтна змагацца з глябальнай тэндэнцыяй да працяглага дасудовага і турэмнага зьняволеньня праваабаронцаў.
Паводле аўтараў заявы, апошнімі гадамі праваабаронцаў пастаянна і надоўга зьмяшчаюць пад варту да суду і даюць ім працяглыя тэрміны турэмнага зьняволеньня, пры гэтым часта трымаючы іх у бесчалавечных і прыніжальных для годнасьці ўмовах. Праваабаронцы цярпяць ад катаваньняў, жорсткага абыходжаньня і ціску. Некаторыя памерлі ў турме.
Экспэрты занепакоеныя пагаршэньнем абыходжаньня ўладаў з праваабаронцамі. Паводле зьвестак, сабраных плятформай SOS-Defenders, пачынаючы ад 2024 году абвастраецца глябальная праблема працяглага ўтрыманьня пад вартай. Толькі ў 2024 годзе прадстаўнікі SOS-Defenders задакумэнтавалі 93 новыя выпадкі адвольнага затрыманьня праваабаронцаў у 11 краінах. Сярод гэтых краінаў найчасьцей згадваюць Нікарагуа, Тога, Тайлянд, Марока, таксама ў заяве фігуруе Беларусь.
У Беларусі з 2021 году за краты зьмешчаныя старшыня праваабарончай арганізацыі «Вясна», ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі (асуджаны на 10 гадоў зьняволеньня), намесьнік старшыні «Вясны» Валянцін Стэфановіч (7 гадоў зьняволеньня), юрыст арганізацыі Ўладзімер Лабковіч (9 гадоў зьняволеньня), валянтэрка Марфа Рабкова (14 гадоў і 9 месяцаў зьняволеньня). Ад кастрычніка 2022 году ў вязьніцы знаходзіцца праваабаронца міжнароднай арганізацыі Human constanta Наста Лойка, якую суд у Беларусі асудзіў на 7 гадоў зьняволеньня.
Заяву падпісалі 5 вядомых у сьвеце экспэртаў, сярод іх трое спэцыяльных дакладчыкаў ААН Мэры Лолар, Джына Рамэра і Мішэль Форст, а таксама рэгіянальныя экспэрты Рэмі Нгой Люмбу з Афрыкі і Рабэрта Кларк з Амэрыкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вельмі хутка». Прадстаўнік Трампа выказаўся пра магчымае вызваленьне Бяляцкага