Яшчэ адзін беларус апынуўся за кратамі пасьля вяртаньня з-за мяжы
34-гадовы жыхар Сьветлагорску Глеб Панасюк, якога шукалі ягоныя сябры з Польшчы, адпраўлены ў сьледчы ізалятар № 3 у Гомлі. Пра гэта праваабаронцам паведаміла крыніца ў карнай установе, піша «Гомельская вясна».
Да таго Глеб адбываў арышт у ізалятары часовага ўтрыманьня Гомля паводле нейкай адміністрацыйнай справы. Праваабаронцы маюць інфармацыю, што ягонае зьняволеньне мае палітычную матывацыю.
8 кастрычніка Глеб Панасюк паехаў з Польшчы, дзе жыў і працаваў апошнія гады, у родны Сьветлагорск адведаць бацькоў. 9 кастрычніка ён патэлефанаваў зь Берасьця сваім сябрам у Польшчы, што прайшоў мяжу і зьбіраецца перасядаць на цягнік у бок Сьветлагорску. Але пасьля гэтага сувязь зь ім зьнікла.
Зараз праваабаронцы спрабуюць высьветліць, у чым сілавікі абвінавачваюць Панасюка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 2 сьнежня: сямейную пару з Гомля асудзілі за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»Флярыстку з Наваполацку асудзілі за «фінансаваньне экстрэмізму»
Натальлю Гірш з Наваполацку ў 2025 годзе за «фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 арт. 361‑2 КК). Дакладны вырак невядомы.
Апошнія 25 гадоў яна займаецца флярыстыкай, мае дарослых сына і дачку. У 2018‑м яна зарэгістравала ІП і адкрыла майстэрню фларыстыкі і краму кветак, піша «Наша Ніва».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 1 сьнежня: настаўніцу і прадпрымальніцу асудзілі за «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня»Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».