Японцы на першым месцы сярод сталых карыстальнікаў Duolingo — праграмы для вывучэньня моваў. Беларусы трэція

Праграма Duolingo

Кампанія падвяла вынікі чарговага году працы. Высьветлілася, што жыхары Беларусі ці ня болей за ўсіх у сьвеце праводзяць час за вывучэньнем замежных моваў.

З дапамогай Duolingo мільёны людзей ува ўсім сьвеце вывучаюць замежныя мовы. Сёлета яна запусьціла 148 новых курсаў на больш чым 20 мовах. У прыватнасьці, Duolingo пачала новы шахматны курс, а таксама заняткі ў матэматыцы, музыцы. Цяпер кампанія падсумавала вынікі 2025 году.

Ужо другі год запар — і трэці раз за чатыры апошнія гады — Японія заняла першае месца сярод краінаў з найбольш сур’ёзнымі вучнямі. Такіх вызначаюць паводле сярэдняга часу іх вучобы. Далей ідуць Вугоршчына (№ 2), Беларусь (№ 3), Расея (№ 4) і Нямеччына (№ 5).

Сярод моваў, якія выбіраюць у гэтых краінах, на першай пазыцыі гішпанская, далей ангельская, затым італьянская. А чацьвертае і пятае месцы нечаканана занялі валійская і нарвэская мовы.

Агулам жа найбольш папулярнай мовай для вывучэньня ў праграме застаецца ангельская. Яна першая ў 79% краін, у якіх карыстаюцца праграмай. На другім месцы гішпанская, на трэцім француская, а на чацьверты радок, пасунуўшы нямецкую, выбралася японская.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ваенная таямніца». Як і чаму ў Беларусі ліквідуюць прыватныя моўныя школы

Сярод краінаў, карыстальнікі зь якіх вучаць тры і больш моваў, на першым месцы зноў жа Японія, далей ідуць Аўстралія, Фінляндыя, Нямеччына і ЗША.

Расейская мова другая паводле папулярнасьці ў вывучэньні толькі ў чатырох краінах — Туркмэністане, Узбэкістане, Кіргізстане і Таджыкістане.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін заснаваў Дзень моваў народаў Расеі. Экспэрты кажуць пра палітыку лінгвацыду ў РФ

Найбольш прырастае людзей, якія вывучаюць кітайскую, карэйскую і партугальскую.

У Duolingo пакуль няма опцыі вывучэньня беларускае мовы. Яшчэ ў 2023 годзе была складзеная пэтыцыя да кіраўніцтва кампаніі з просьбай уключыць курсы беларускай мовы ў праграму.

Беларуская застаецца ў сьпісе моваў ва ўразьлівым становішчы UNESCO. У Беларусі надалей скарачаецца і так вузкі абсяг школьніцтва на роднай мове, тэлевізія і дзяржаўныя структуры працуюць амаль цалкам на мове расейскай. У ліпені Міжнародны саюз беларускіх пісьменьнікаў апублікаваў справаздачу, у якой зафіксаваў шматлікія факты русыфікацыі беларускага грамадзтва і перасьледу за беларускую мову, сьведчаньні яе далейшага выдаленьня з грамадзкае прасторы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародны саюз беларускіх пісьменьнікаў: у першай палове 2025 году русыфікацыйныя працэсы ў Беларусі ўзмацніліся
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нават мышы сьвяткуюць Каляды. 10 лёгкіх і новых беларускіх кніжак, якія можна чытаць падчас сьвятаў