Як паведамляе Delfi, літоўскія перавозьнікі, фуры якіх завязьлі ў Беларусі, плянуюць акцыю пратэсту.
«Паколькі расьце незадаволенасьць і гнеў сярод незалежных перавозьнікаў, якія ня могуць вярнуць свае грузавікі зь Беларусі, асацыяцыя Linava плянуе правесьці акцыю пратэсту ў Вільні 10 сьнежня. Перавозьнікі шумяць, у асноўным тыя, хто не ўваходзіць ні ў якія асацыяцыях. Мы бачылі, што яны плянуюць перакрыць трасу М1 пад Марʼямпалем. Таму, каб адцягнуць іх увагу і прымусіць адмовіцца ад падобных плянаў, мы арганізуем мірную акцыю на праспэкце Гедзіміна», — сказаў Эрландас Мікенас, прэзыдэнт асацыяцыі перавозьнікаў Літвы Linava.
«Мы падалі заяўку на 10 сьнежня. У сераду мы абмяркуем яе ва ўрадзе і тады паглядзім, ці атрымаем мы гэтую дату», — дадаў ён.
Паводле прэзыдэнта Linava, галоўная мэта асацыяцыі — дабіцца таго, каб перавозьнікі не блякавалі вуліцы і тым самым не перашкаджалі рабоце сваіх калегаў, а таксама не стваралі нязручнасьцяў для грамадзян.
«Мы паставілі пытаньне перад незалежнымі перавозьнікамі: каго вы заблякуеце пад Марʼямпалем? Напэўна, тых жа сваіх калегаў, якія едуць у Заходнюю Эўропу, або мы створым нязручнасьці для грамадзян, чыя думка аб перавозьніках і так дрэнная», — прызнаў Мікенас.
Ён кажа, што з пачатку крызісу ў перавозках грузаў страты, паводле ацэнак транспартных кампаній, ужо дасягнулі амаль 100 млн эўра і растуць штодня.
«Пратэставаць хочуць тыя, хто ня можа вярнуць сваіх транспартных сродкаў. Мы пачалі падлічваць страты, лічбы жахлівыя — мы набліжаемся да 100 млн эўра, і гэтая лічба расьце з кожным днём. Акрамя таго, ёсьць штодзённая страта даходу — кожная фура, якая зараз прастойвае, звычайна прыносіць каля 10 тыс. эўра даходу ў дзень», — заявіў кіраўнік Linava.
Пасьля актывізацыі патоку мэтэазондаў з кантрабандай зь Беларусі, якія ня раз парушалі працу аэрапортаў, у кастрычніку ўрад Літвы закрываў апошнія пункты пропуску Меднікі і Салечнікі на мяжы зь Беларусьсю. Улады Беларусі пасьля закрыцьця Літвой мяжы забаранілі рух зарэгістраваных у Літве грузавікоў па краіне. Было абвешчана, што перавозьнікі, якія завязьлі на мяжы, павінны разьмясьціць свае транспартныя сродкі на спэцыяльных паркоўках і плаціць за гэта. Аднак пасьля таго, як урад Літвы зноў адкрыў мяжу, літоўскія фуры па-ранейшаму стаяць на мяжы зь Беларусьсю, у сувязі з чым Міністэрства замежных справаў Літвы ўручыла ноту пратэсту прадстаўніку амбасады Беларусі. Беларускі бок патрабуе пачатку палітычных перамоваў на гэтую тэму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Заплацілі 6700 эўра за стаянку». Што адбываецца зь літоўскімі фурамі ў Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пакуль літоўскія фуры застаюцца заблякаванымі, МЗС Беларусі накіраваў Вільні ноту з патрабаваньнем кансультацыяў на палітычным узроўні