Згодна з заявай Эўрапейскай рады, апублікаванай уначы, імпарт прыроднага газу з Расеі будзе цалкам спынены да 30 верасьня 2027 году. Так званыя спотавыя закупкі газу без папярэдніх кантрактаў спыняцца да чэрвеня 2026 году. Пастаўкі звадкаванага газу паводле доўгатэрміновых кантрактаў маюць спыніцца 1 студзеня 2027 году, а пастаўкі газу праз трубаправоды — 30 верасьня 2027 году.
Эўропа больш ня будзе аб’ектам энэргетычнага шантажу і эканамічнай залежнасьці, заявіў эўрапейскі камісар энэргетыкі Дэн Ёргенсэн.
Эўрапейскі Зьвяз пачаў шукаць спосабы адмовіцца ад расейскага прыроднага газу пасьля таго, як Расея рэзка скараціла яго пастаўкі ў Эўропу вясной 2022 году, спрабуючы паўплываць на ЭЗ, які падтрымаў Украіну пры адкрытай расейскай ваеннай агрэсіі супраць яе.
У канцы кастрычніка 2025 году на долю Расеі прыпадала каля 12% прыроднага газу, імпартаванага краінамі ЭЗ. Да поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну гэтая доля дасягала 45%. Цяпер толькі тры краіны — Францыя, Вугоршчына і Бэльгія — працягваюць імпартаваць газ з Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Эўропа адбіла «газавую атаку»? Тлумачэньне эканаміста