Праз балёны зь Беларусі ў Літве дапускаюць, што Віленскі аэрапорт будзе закрывацца на ноч

У Віленскім аэрапорце, 28 кастрычніка 2025

За два месяцы актыўных палётаў мэтэазондаў каля Віленскана і Ковенскага аэрапортаў пацярпелі 45 тысяч пасажыраў, шкода склала больш за 750 тысяч эўра.

Кампанія «Літоўскія аэрапорты» (Lietuvos oro uostai, LTOU) падлічыла ўрон, які аэрапорты Вільні і Коўна панесьлі ў выніку залётаў метэазондаў зь Беларусі ў Літву.

Як паведамляе LRT, у кастрычніку-лістападзе Віленскі аэрапорт уводзіў абмежаваньні 13 разоў, Ковенскі — адзін раз. Абмежаваньні закранулі 320 рэйсаў і больш за 45 тысяч пасажыраў, паведамляе LRT. «Па нашых падліках, колькасьць закранутых пасажыраў складае каля 5 працэнтаў ад агульнай колькасьці пасажыраў, абслужаных за два месяцы ў Віленскім аэрапорце», — распавёў прадстаўнік аэрапортаў Літвы Тадас Васіляўскас.

На гэты момант LTOU ацэньвае шкоду ў больш за 750 тысяч эўра, але сума можа вырасьці.

«Цяпер сума ацэненых страт перавышае 750 тысяч эўра, аднак страты будуць яшчэ большымі. Ня ўсе партнэры пасьпелі ацаніць панесеную шкоду. Міжнародным партнэрам патрабуецца больш часу для разьлікаў», — заявіў Васіляўскас.

Апошні раз Віленскі аэрапорт закрываўся ў ноч з мінулай нядзелі на панядзелак. Абмежаваньні закранулі 50 рэйсаў і 7400 пасажыраў.

Тады 60 мэтэазондаў паралізавалі працу Віленскага аэрапорту, паведамляў Саўлюс Батавічус, дырэктар кампаніі Oro navigacija. У нядзелю Віленскі аэрапорт быў зачынены на 11 гадзін.

«Балёны запускаліся з пэўнымі інтэрваламі, каб яны пастаянна знаходзіліся ў крытычных зонах для руху транспарту ў Віленскім аэрапорце. А нам заставалася толькі бездапаможна назіраць, як балёны павісьлі, і мы не маглі аднавіць рух у аэрапорце. Некалькі балёнаў практычна перакрылі шляхі ў Віленскі аэрапорт. Я б назваў гэта сыстэматычным нападам на грамадзянскую авіяцыю», — падкрэсьліў ён.

Тым часам абмяркоўваецца пытаньне пераносу начных рэйсаў у Ковенскі аэрапорт, паведамляе Delfi.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці дапаможа Эўразьвяз Літве ў супрацьстаяньні з Лукашэнкам — меркаваньне палітоляга Казакевіча

З-за паветранай кантрабанды ўжо другі месяц рэгулярна закрываюць Віленскі аэрапорт, па гэтай прычыне разглядаюць варыянт пераносу начных рэйсаў у Коўна, сказаў прадстаўнік прэм’ер-міністра Інгі Ругінене Ігнас Дабравольскас. Ён ня мог удакладніць, калі наступным разам зьбярэцца Камісія па нацыянальнай бясьпецы, якая можа вырашыць гэтае пытаньне, але сказаў, што гэта адбудзецца «найбліжэйшым часам».

На дапамогу авіяпасажырам прыйшла старонка сацсетак «Надворʼе і клімат у Літве», якая стварыла сайт, на якім прагназуюць верагоднасць зьяўленьня мэтэазондаў у навакольлях Віленскага аэрапорту.

«Мы вылічваем верагоднасьць, у які дзень вецер будзе дзьмуць з боку Ліды або Горадні ў бок Віленскага аэрапорта. Калі вецер спрыяльны, то верагоднасьць зьяўленьня мэтэазондаў высокая. Калі вецер дзьме ў іншы бок — мы ў бясьпецы. Чырвоны колер — высокі ўзровень небясьпекі», — паведаміў сайт метэаролягаў.

Перад гэтым Віленскі аэрапорт закрываўся зь вечару пятніцы, 28 лістапада, да ранку суботы, 29 лістапада.

Закрывалася лётнішча і 26 лістапада, але тады прычынай былі не паветраныя балёны з кантрабандай зь Беларусі, а самалёт, які выехаў з дарожкі руляваньня з прычыны непагадзі. Тады аэрапорт закрывалі амаль на восем гадзін.

У ноч з 23 на 24 лістапада праца аэрапорту прыпынялася праз мэтэазонды двойчы. Тады скасавалі пяць рэйсаў. Тады ж беларускія мэтэазонды ўпершыню знайшлі ў суседняй Латвіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Беларусі заявілі пра залёт дрона з тэрыторыі Літвы. У Вільні кажуць пра «зламысную дзейнасьць» Менску

Закрыцьцё пераходаў на мяжы Літвы і Беларусі

  • 8 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (з боку Беларусі Лоша) і Цьверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягвалі працаваць два памежныя пераходы — Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі).
  • Урад Літвы 27 кастрычніка 2025 году зусім закрыў мяжу зь Беларусьсю на месяц пасьля таго, як некалькі разоў вымушана прыпынялася праца аэрапортаў у Вільні і Коўне з прычыны зьяўленьня паблізу іх аэрастатаў, якія ляцелі зь Беларусі, несучы цыгарэты.
  • Улады Беларусі ў адказ 31 кастрычніка забаранілі літоўскім грузавікам выяжджаць цераз польскую і латвійскую мяжу.
  • 10 лістапада на загад Аляксандра Лукашэнкі ўсе літоўскія фуры, якія знаходзяцца ў Беларусі, сабралі на адмысловых пляцоўках і ўзялі пад ахову з выстаўленьнем рахункаў — 120 эўра на содні. Паводле Лукашэнкі, фураў было больш за 1100.
  • 10 лістапада Вільня зьвярнулася да Менску з просьбай дазволіць выезд грузавікоў сваіх кампаніяў у Літву. Менск адмовіў.
  • Вільня марна спрабавала вярнуць транспарт шляхам кантактаў на ведамасным узроўні. Беларусь прапанавала Літве або скасаваць рашэньне аб закрыцьці мяжы, або выйсьці на палітычна-дыпляматычнае разьвязаньне праблемы.
  • 19 лістапада ўрад Літвы вырашыў, што закрытыя ў кастрычніку два пункты пропуску на мяжы Літвы і Беларусі Меднікі і Салечнікі адкрыюцца з 20 лістапада. Перад гэтым прэмʼер-міністарка Інга Ругінене заявіла, што апошнім часам паветраных балёнаў з кантрабандавымі цыгарэтамі стала меней.
  • Аднак пасьля таго як урад Літвы зноў адкрыў мяжу, Віленскі аэрапорт зноў некалькі разоў закрывалі з прычыны аэрастатаў зь Беларусі, а літоўскім фурам па-ранейшаму не даюць выехаць у Літву. Беларускі бок патрабуе ад Вільні пачатку палітычных перамоваў.