Пра гэта паведамілі памежныя ведамствы Беларусі і Літвы.
Паводле сайту беларускага памежнага камітэту, чэргаў на выезд зь Беларусі ў краіны Эўразьвязу легкавікоў і аўтобусаў на ўсіх пунктах пропуску няма.
Адкрыцьцё брамы на літоўскай мяжы ў Салечніках, стоп-кадар зь відэа беларускага Памежнага камітэту
У Каменным Логу чакаюць на выезд 570 грузавікоў, у Беняконях — 355, у Казловічах на польскай мяжы — 1055.
Польскія памежнікі паведамляюць, што чаканьне грузавікоў на выезд у Беларусь у Баброўніках складае 7 гадзін, у Кукурыках — 14 гадзін.
Паводле літоўскіх памежнікаў, у Медніках чакаюць выезду ў Беларусь 34 грузавікі, у Салечніках — 25. Прыблізны час чаканьня — 5 гадзін.
Літоўскі бок паведамляе: на пунктах пропуску Меднікі і Салечнікі чэргаў няма, рух слабы, літоўскія фуры не вяртаюцца
Як паведамляе літоўскае выданьне Delfi, пасьля таго як апоўначы Літва адкрыла пункты пропуску на мяжы з Беларусьсю, «значных транспартных патокаў пакуль не зафіксавана».
«У параўнаньні з пэрыядамі, калі пункты працавалі на поўную магутнасьць, патокі невялікія, але гэта зразумела, бо гэта толькі пачатак. Да таго ж была ноч, руху няма. Патокі мінімальныя, але павінны павялічыцца ў сьветлы час сутак і ў іншыя дні», – сказаў прадстаўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Гедрус Мішуціс.
Вядома, што ноччу ніводная літоўская фура не праехала праз пункты пропуску, паведамляе выданьне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Літоўцы „міргнулі“ першыя». Класкоўскі пра тое, хто перамог у супрацьстаяньні Менску зь Вільняй і ВаршавайУрад Літвы 19 лістапада вырашыў адкрыць два пункты пропуску на мяжы зь Беларусьсю. Закрытыя ў кастрычніку два пункты пропуску на мяжы Літвы і Беларусі Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі) адкрыюцца, а 1-й гадзіне па беларускім часе 20 лістапада.
Прэмʼер-міністарка Літвы Інга Ругінене растлумачыла рашэньне ўраду:
«Апошнім часам мы назіраем вельмі значнае зьніжэньне перавозак кантрабанды паветраным транспартам, што прывяло да зьніжэньня рызыкі і пагроз для нацыянальнай бясьпекі, грамадзянскай авіяцыі і нашага грамадзтва».
Міністар унутраных справаў Літвы Ўладзіслаў Кандратовіч на пасяджэньні ўраду заявіў, што абмежаваньні на перасячэньне дзяржаўнай мяжы, устаноўленыя раней, больш не патрэбныя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абодва бакі захавалі твар, — палітоляг аб завяршэньні крызісу з закрыцьцём літоўска-беларускай мяжыЗакрыцьцё пераходаў на мяжы Літвы і Беларусі
- 8 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (з боку Беларусі Лоша) і Цьверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягвалі працаваць два памежныя пераходы — Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі).
- Урад Літвы 27 кастрычніка 2025 году зусім закрыў мяжу зь Беларусьсю на месяц пасьля таго, як некалькі разоў вымушана прыпынялася праца аэрапортаў у Вільні і Коўне з прычыны зьяўленьня паблізу іх аэрастатаў, якія ляцелі зь Беларусі, несучы цыгарэты.
- Улады Беларусі ў адказ 31 кастрычніка забаранілі літоўскім грузавікам выяжджаць цераз польскую і латвійскую мяжу.
- 10 лістапада на загад Аляксандра Лукашэнкі ўсе літоўскія фуры, якія знаходзяцца ў Беларусі, сабралі на адмысловых пляцоўках і ўзялі пад ахову з выстаўленьнем рахункаў — 120 эўра на содні. Паводле Лукашэнкі, фураў было больш за 1100.
- 10 лістапада Вільня зьвярнулася да Менску з просьбай дазволіць выезд грузавікоў сваіх кампаніяў у Літву. Менск адмовіў.
- Вільня марна спрабавала вярнуць транспарт шляхам кантактаў на ведамасным узроўні. Беларусь прапанавала Літве або скасаваць рашэньне аб закрыцьці мяжы, або выйсьці на палітычна-дыпляматычнае разьвязаньне праблемы.
- 19 лістапада ўрад Літвы вырашыў, што закрытыя ў кастрычніку два пункты пропуску на мяжы Літвы і Беларусі Меднікі і Салечнікі адкрыюцца з 20 лістапада. Перад гэтым прэмʼер-міністарка Інга Ругінене заявіла, што апошнім часам паветраных балёнаў з кантрабандавымі цыгарэтамі стала меней.
- Аднак пасьля таго як урад Літвы зноў адкрыў мяжу, Віленскі аэрапорт зноў некалькі разоў закрывалі з прычыны аэрастатаў зь Беларусі, а літоўскім фурам па-ранейшаму не даюць выехаць у Літву. Беларускі бок патрабуе ад Вільні пачатку палітычных перамоваў.