Чэргаў на выезд зь Беларусі ў Эўразьвяз няма, зьявілася чарга на ўезд

Польска-беларуская мяжа ў Баброўніках, архіўнае фота

З адкрыцьцём двух памежных пераходаў у Польшчу чэргі на ўезд для пасажырскага транспарту зь Беларусі ў Польшчу зьніклі.

Але праблемы з пераходам мяжы ў адваротным напрамку засталіся.

Як паведамляе Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі, у пункце пропуску Берасьце — Тэрэспаль зь беларускага боку ў чарзе няма ні машын, ні аўтобусаў. У пункце пропуску Бераставіца — Баброўнікі зь беларускага боку таксама ў чарзе няма легкавых машын і аўтобусаў, у пункце пропуску Брузгі — Кузьніца Беластоцкая таксама пуста.

З польскага боку на выезд у Беларусь, як паведамляецца ў чаце кіроўцаў і пасажыраў, ёсьць чарга з боку Кузьніцы Беластоцкай. Пераход мяжы займае 8-9 гадзін, паведамляюць крыніцы з мяжы. Кіроўцы робяць выснову, што з польскага боку марудна працуюць наноў набраныя на працу стажоры, і сьцьвярджаюць, што ня ўсе палосы руху пакуль што адчыненыя.

Чаргі на выезд зь Беларусі ў Латвію няма, усе памежныя пераходы зь Беларусі ў Літву ўсё яшчэ закрытыя.

  • 19 лістапада ўрад Літвы мае вырашыць, ці адкрываць два закрытыя памежныя пераходы на мяжы зь Беларусьсю.
  • Нацыянальная камісія па бясьпецы рэкамэндавала аднавіць памежны рух.
  • Гэтаму папярэднічала сустрэча на ўзроўні намесьнікаў кіраўнікоў памежных службаў Літвы і Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Для нас галоўнае, каб адкрылі мяжу зь Беларусьсю, — чалец Асацыяцыі літоўскіх перавозьнікаў

Закрыцьцё пераходаў на мяжы Літвы і Беларусі

  • 8 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (з боку Беларусі Лоша) і Цьверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягвалі працаваць два памежныя пераходы — Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі).
  • Урад Літвы 27 кастрычніка 2025 году зусім закрыў мяжу зь Беларусьсю на месяц пасьля таго, як некалькі разоў вымушана прыпынялася праца аэрапортаў у Вільні і Коўне з прычыны зьяўленьня паблізу іх аэрастатаў, якія ляцелі зь Беларусі, несучы цыгарэты.
  • Улады Беларусі ў адказ 31 кастрычніка забаранілі літоўскім грузавікам выяжджаць цераз польскую і латвійскую мяжу.
  • 10 лістапада на загад Аляксандра Лукашэнкі ўсе літоўскія фуры, якія знаходзяцца ў Беларусі, сабралі на адмысловых пляцоўках і ўзялі пад ахову з выстаўленьнем рахункаў — 120 эўра на содні. Паводле Лукашэнкі, фураў было больш за 1100.
  • 10 лістапада Вільня зьвярнулася да Менску з просьбай дазволіць выезд грузавікоў сваіх кампаніяў у Літву. Менск адмовіў.
  • Вільня марна спрабавала вярнуць транспарт шляхам кантактаў на ведамасным узроўні. Беларусь прапанавала Літве або скасаваць рашэньне аб закрыцьці мяжы, або выйсьці на палітычна-дыпляматычнае разьвязаньне праблемы.
  • 19 лістапада ўрад Літвы вырашыў, што закрытыя ў кастрычніку два пункты пропуску на мяжы Літвы і Беларусі Меднікі і Салечнікі адкрыюцца з 20 лістапада. Перад гэтым прэмʼер-міністарка Інга Ругінене заявіла, што апошнім часам паветраных балёнаў з кантрабандавымі цыгарэтамі стала меней.
  • Аднак пасьля таго як урад Літвы зноў адкрыў мяжу, Віленскі аэрапорт зноў некалькі разоў закрывалі з прычыны аэрастатаў зь Беларусі, а літоўскім фурам па-ранейшаму не даюць выехаць у Літву. Беларускі бок патрабуе ад Вільні пачатку палітычных перамоваў.