Рыжанкоў расказаў, што Польшча прадэманстравала Літве, аднавіўшы памежны рух

Ілюстрацыйнае фота

Міністар замежных справаў Беларусі Максім Рыжанкоў заявіў, што аднаўленьне памежнага руху паміж Беларусьсю і Польшчай стала вынікам «пасьлядоўнасьці» польскіх уладаў.

«Вельмі важна, калі палітыкі прыслухоўваюцца да думкі свайго народу і выконваюць тое, што абяцаюць. Апроч таго, вельмі важны пачатак руху праз пункты пропуску ў цэлым, як мы лічым, для аднаўленьня нармальных дачыненьняў паміж краінамі. Бо спачатку ідуць дачыненьні паміж людзьмі простымі, потым — дачыненьні паміж прадстаўнікамі бізнэсу, а палітыкі потым падцягваюцца. Добра, што ў цэлым атмасфэра і фон такія пазытыўныя», — сказаў Максім Рыжанкоў у эфіры дзяржаўнага тэлеканалу «Першы інфармацыйны».

Міністар сказаў пра задаволенасьць людзей аднаўленьнем памежнага руху з Польшчай, а на пытаньне, што такім чынам Польшча прадэманстравала Літве, адказаў:

«Я мяркую, што Польшча прадэманстравала такі жорсткі нармальны прагматызм».

Літоўскае выданьне LRT паведаміла, што 18 лістапада адбудуцца тэхнічныя перамовы памежных службаў Літвы і Беларусі аб разблякаваньні больш за 1000 літоўскіх грузавікоў, якія засталіся на беларускай тэрыторыі пасьля поўнага закрыцьця мяжы і якія на загад Лукашэнкі былі заблякаваныя беларускай мытняй на стаянках з патрабаваньнем аплаты ў памеры 120 эўра за дзень.

Апроч таго, на гэты ж дзень прызначана паседжаньне Нацыянальнай камісіі бясьпекі Літвы, на якім сярод іншага абмяркуюць сытуацыю на літоўска-беларускай мяжы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік МЗС Літвы дапускае, што памежныя пераходы ў Беларусь адкрыюцца раней, чым плянавалася

17 лістапада міністар замежных справаў Літвы Кястуціс Будрыс заявіў, што два закрытыя літоўскія пункты пропуску на мяжы зь Беларусьсю могуць аднавіць дзейнасьць раней за 30 лістапада — прызначаны ўрадам Літвы тэрмін.

Польшча 17 лістапада аднавіла працу двух сваіх пунктаў пропуску, адзін зь якіх быў закрыты ў 2021 годзе празь мігранцкі крызіс, а другі ў 2023-м — пасьля выраку журналісту і актывісту польскай меншасьці Анджэю Пачобуту.

27 кастрычніка Літва закрыла два свае пункты пропуску ў адказ на масавыя прылёты паветраных балёнаў з кантрабанднымі цыгарэтамі, якія стваралі небясьпеку для цывільнай авіяцыі ў аэрапартах Вільні і Коўна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнка зь літоўскімі фурамі абышоўся як рэкецір». Што сказаў кіраўнік МУС Літвы ў вялікім інтэрвію Свабодзе


Закрыцьцё пераходаў на мяжы Літвы і Беларусі

  • 8 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (з боку Беларусі Лоша) і Цьверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягвалі працаваць два памежныя пераходы — Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі).
  • Урад Літвы 27 кастрычніка 2025 году зусім закрыў мяжу зь Беларусьсю на месяц пасьля таго, як некалькі разоў вымушана прыпынялася праца аэрапортаў у Вільні і Коўне з прычыны зьяўленьня паблізу іх аэрастатаў, якія ляцелі зь Беларусі, несучы цыгарэты.
  • Улады Беларусі ў адказ 31 кастрычніка забаранілі літоўскім грузавікам выяжджаць цераз польскую і латвійскую мяжу.
  • 10 лістапада на загад Аляксандра Лукашэнкі ўсе літоўскія фуры, якія знаходзяцца ў Беларусі, сабралі на адмысловых пляцоўках і ўзялі пад ахову з выстаўленьнем рахункаў — 120 эўра на содні. Паводле Лукашэнкі, фураў было больш за 1100.
  • 10 лістапада Вільня зьвярнулася да Менску з просьбай дазволіць выезд грузавікоў сваіх кампаніяў у Літву. Менск адмовіў.
  • Вільня марна спрабавала вярнуць транспарт шляхам кантактаў на ведамасным узроўні. Беларусь прапанавала Літве або скасаваць рашэньне аб закрыцьці мяжы, або выйсьці на палітычна-дыпляматычнае разьвязаньне праблемы.
  • 19 лістапада ўрад Літвы вырашыў, што закрытыя ў кастрычніку два пункты пропуску на мяжы Літвы і Беларусі Меднікі і Салечнікі адкрыюцца з 20 лістапада. Перад гэтым прэмʼер-міністарка Інга Ругінене заявіла, што апошнім часам паветраных балёнаў з кантрабандавымі цыгарэтамі стала меней.
  • Аднак пасьля таго як урад Літвы зноў адкрыў мяжу, Віленскі аэрапорт зноў некалькі разоў закрывалі з прычыны аэрастатаў зь Беларусі, а літоўскім фурам па-ранейшаму не даюць выехаць у Літву. Беларускі бок патрабуе ад Вільні пачатку палітычных перамоваў.